Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

насмы́каны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад насмыкаць.

насмы́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Разм. Наскубці нейкую колькасць чаго‑н.; натузаць, нацягаць. Насмыкаць кудзелі. Насмыкаць сена. □ Цераз Верхакі не іду, а бягу загуменнямі, бо могуць перапыніць хлапчукі і насмыкаць за косы. Каліна.

насмяшы́ць, ‑смяшу, ‑смешыш, ‑смешыць; зак., каго.

Выклікаць смех у каго‑н., прымусіць смяяцца; рассмяшыць. Насмяшыць людзей. □ Старожка залілася вясёлым доўгім смехам: яе вельмі насмяшылі дзеці і іх страх перад настаўнікам. Колас.

насмяя́нне, ‑я, н.

Грубы, зневажальны здзек з каго‑, чаго‑н.

насмяя́цца, ‑смяюся, ‑смяешся, ‑смяецца; ‑смяёмся, ‑смеяцеся; заг. насмейся; зак.

1. Разм. Уволю, многа пасмяяцца. І нажартаваўся Міканор, і насмяяўся, гледзячы на малых. Мележ.

2. з каго-чаго, над кім-чым і без дап. Аднесціся да каго‑, чаго‑н. з насмешкай, злосна пасмяяцца; абразіць. А ў Маланкі камень-сэрца, Як спаткае — пасмяецца! Броўка. Пасмяяліся над самым святым. Захацелася плакаць. Але не, ён не заплача. Паўлаў. [Зоська:] — Баюся я за цябе ісці, кінеш мяне, насмяешся, а чаго добрага і біць будзеш. Скрыпка. Кацёл з гаршка не пасмяецца, бо абодва чорныя. Прыказка.

насмяя́ць, ‑смяю, ‑смяеш, ‑смяе; ‑смяём, ‑смеяце; зак., што і чаго.

Разм. Наклікаць што‑н. смехам (звычайна што‑н. непрыемнае). — Ой, не насмяяць бы чаго на сваю галаву! — стрымлівала ўжо сябе нават Кася. Карпюк.

наснава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад наснаваць.

наснава́ць, ‑сную, ‑снуеш, ‑снуе; ‑снуём, ‑снуяце; зак., чаго.

Аснаваць нейкую колькасць чаго‑н. Наснаваць красён.

насні́ць, ‑сню, ‑сніш, ‑сніць; зак., чаго.

Разм. Убачыць многа чаго‑н. у сне, прысніць. Шмат недарэчнага насніла Люба за д[о]ўгую ноч. Мурашка.

насо́ваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад насоваць.