Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

наслу́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Пачуць, паслухаць многа чаго‑н. Наслухацца пра даўнейшае. Наслухацца казак. □ А расказваць было што: ходзячы вечна па людзях, усяго наслухаешся. Чорны. Шмат чаго мы наслухаліся ад дзеда пра войны. Якімовіч.

2. Атрымаць задавальненне, слухаючы (часта з адмоўем «не» або дзеясл. «магчы»). Наслухацца музыкі. □ Слухае не наслухацца [Пастух] Салаўя-спевака, птаху чароўную. Сіняўскі.

наслядзі́ць, ‑сляджу, ‑слядзіш, ‑слядзіць, ‑слядзім, ‑следзіце; зак.

Пакінуць сляды, напэцкаць слядамі. Наслядзіць на ганку. □ Боты — і выцер жа [Данік] іх, здаецца! — усё ж такі наслядзілі на чыстай чырвонай падлозе. Брыль. На полі то там, то сям ляжалі цёмныя цені ад узгоркаў і кустоў. Здавалася, што нехта няўклюдны наслядзіў на ім. Асіпенка.

насма́жвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да насмажваць.

насма́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да насмажыць.

насма́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., чаго.

Прыгатаваць смажаннем у нейкай колькасці. Насмажыць мяса. Насмажыць грыбоў.

насмакта́цца, ‑смакчуся, ‑смокчашся, ‑смокчацца; зак.

1. Смокчучы, напіцца чаго‑н.; уволю, многа пасмактаць. Насмокчуцца [мурашкі] соку і не могуць утрымацца, падаюць уніз — як спелыя ягады. Кандрусевіч.

2. перан. Разм. Уволю накурыцца. Пакуль не насмокчуцца [бацька і Пашка], пакуль злёгку не пойдуць кругам галовы ад моцнага самасаду, будуць курыць і маўчаць. Паўлаў.

3. перан. Груб. Напіцца п’яным.

•••

Насмактацца крыві чыёй — тое, што і напіцца крыві (гл. напіцца).

насмакта́ць, ‑смакчу, ‑смокчаш, ‑смокча; зак., чаго.

Высмактаць нейкую колькасць чаго‑н. Насмактаў камар крыві.

насма́лены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад насмаліць ​2 (у 1 знач.).

насмалі́ць 1, ‑смалю, ‑смоліш, ‑смоліць; зак., што і чаго.

Нацерці або пакрыць смалою. Насмаліць канат.

насмалі́ць 2, ‑смалю, ‑смаліш, ‑смаліць; зак.

1. чаго. Абпальваючы, ачысціць ад поўсці, шчаціння і пад. у вялікай колькасці.

2. Разм. Многа накурыць. [Жэня:] — Не паспелі адчыніць дзверы, як ужо насмалілі! Калі вы ўжо забароніце гэту курылку, Андрэй Іванавіч! Васілевіч.

насма́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да насмаліць ​2.