насла́нне, ‑я, і насланнё, ‑я, н.
Напасць, няшчасце. [Рыгору] успомнілася, як адзін год яшчэ пры нябожчыку-бацьку гэтакае насланнё на іх было: з пушчы панадзіўся воўк і ўсіх авечак перацягаў. Сабаленка. [Маці:] — І вось скажы, дачушка, насланнё на нашу хату. Ніяк хвароба нас не пакідае. Я ўстала — хлопец злёг. Пташнікаў. Дзецям Ганна нічога не сказала, а сама затужыла. За што на яе такое пасланне? Лобан. // Паводле забабонных уяўленняў: тое, што наслана нібы «нячыстай сілай»; прывід. [Алесь:] А калі апамятаўся, то нічога не знайшоў... Не ведаю, братачка, што і падумаць, быццам насланнё нейкае, д’ябальская праява, не іначай... Ваданосаў.
насла́ны 1, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад наслаць 1.
насла́ны 2, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад наслаць 2.
насла́ць 1, нашлю, нашлеш, нашле; нашлём, нашляце; зак., каго-чаго.
1. Прыслаць у вялікай колькасці. Наслаць кніг. Наслаць людзей.
2. Напусціць на каго‑н. няшчасце, бяду і пад. А ліха следам па дарозе За імі ўпотайку бяжыць. Дагнала бедную Марынку, Наслала ёй цяжкую хвор. Колас. — Што ты гаворыш! — не вераць суседзі. — Глядзі, каб не паслаў.. [вядзьмар] на цябе бяды... Якімовіч.
насла́ць 2, ‑сцялю, ‑сцелеш, ‑сцеле; заг. насцялі; зак.
1. чаго. Разаслаць, раскласці, пакласці раўнамерным слоем на паверхні чаго‑н. у якой‑н. колькасці. Замест сеннікоў на нары [хлопцы] наслалі саломы. Карпаў. Павячэраўшы, мы паслалі насечаных яловых лапак, накрылі іх посцілкамі і ляглі. Ляўданскі.
2. што і чаго. Пакласці шчыльна ў рад (дошкі, бярвенне і пад.).
3. што. Зрабіць, пабудаваць насціл (з дошак, бярвення і пад.). Тут хаце і стаць. Шыферам пакрыта. Засталося паслаць падлогу, столь пакласці і — грымі наваселле! Савіцкі. Праз два крокі .. [Шабуніха] адчула галлё, — гэта былі, відаць, рэшткі грэбелькі, якую спехам паслалі былі на падатным грунце. Мележ.
насле́г, ‑а, м.
1. Адміністратыўна-тэрытарыяльная адзінка ў Якуцкай АССР.
2. Гіст. Радавая, пазней сельская абшчына ў якутаў.
[Ад рускага дыялектнага наслег — начлег.]
насле́даванне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. наследаваць.
2. Твор, выкананы па якому‑н. узору. Ёсць у Я. Купалы творы, якія сведчаць аб творчым наследаванні матывам А. Міцкевіча. Лойка.
насле́даваны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад наследаваць.
насле́давацца, ‑дуецца; незак.
Зал. да наследаваць.
насле́даваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак. і незак.
1. што. Атрымаць (атрымліваць) у спадчыну якія‑н. уласцівасці, якасці бацькоў, продкаў. Паэт [М. Багдановіч] наследаваў многія рысы свайго характару ад маці, Марыі Афанасьеўны. Майхровіч.
2. толькі незак., што і каму-чаму. Быць прадаўжальнікам якой‑н. дзейнасці, традыцый. Паэма «Хлеб» наследуе традыцыі народна-песеннай лірыкі, паэтыку фальклору, схільную да ўзбуйнення вобраза. Гіст. бел. сав. літ. Паэтызацыя чалавечай працы — гэта адна з лепшых традыцый рускай і беларускай літаратуры, якой наследуе М. Лынькоў. Пшыркоў. // Браць што‑н. за ўзор. У «Сказе пра Вяля».. [М. Танк] сапраўды наследуе былінны верш. У. Калеснік.
насле́днік, ‑а, м.
1. Асоба, якая атрымала спадчыну або мае права на яе атрыманне. Прамы наследнік. Законны наследнік. □ Не шанцавала майму бацьку на сыноў.. А што гэта за гаспадар без наследніка. Скрыган. // Разм. Дзіця, сын. Віншаваць з наследнікам. □ — Ну, Валюха, як наш наследнік? — Вадзім абняў .. [жонку] за плечы, прыхінуў да сябе. Гаўрылкін.
2. перан. Пераемнікі, прадаўжальнікі якой‑н. справы. Наследнікі рэвалюцыйных традыцый. □ [Навум:] — Рыгор Піліпавіч забыўся, што мы наследнікі не толькі беларускай культуры, але і лепшага, што стварыла чалавецтва наогул. Мікуліч.
•••
Наследнік прастола — сын манарха або наогул асоба, да якой павінна перайсці ўлада ў манархічнай дзяржаве.
насле́дніца, ‑ы, ж.
Жан. да наследнік (у 1 знач.).