Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

навасе́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да наваселля. Калі ж пакінула арцель Стол навасельны, калі ў хаце У цішыні салдатка-маці Паклала спаць сваіх дзяцей, — Малым прысніўся дзіўны сон. Танк.

навасёл, ‑а, м.

1. Той, хто пасяліўся ў новым доме або ў новай кватэры. Скора новы дом і засялілі. Я нават і не заўважыла, калі пераехалі навасёлы. Арабей.

2. Той, хто нядаўна пасяліўся на новым месцы, прыехаўшы аднекуль здалёк. Палатка і рамантычны быт, праца ў адным катлаване здружылі ўсіх першых навасёлаў. Грахоўскі. Ля кастра пелі песню пра цалінных навасёлаў. Асіпенка.

навасёлка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Жан. да навасёл і наваселец.

наваскава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад наваскаваць.

2. у знач. прым. Нацёрты, пакрыты воскам. Наваскаваная папера.

наваскава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што і чаго.

Пакрыць, нацерці воскам. Наваскаваць падлогу. Наваскаваць нітку.

наваско́ўванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. наваскоўваць — наваскаваць.

наваско́ўвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да наваскоўваць.

наваско́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да наваскаваць.

навастры́цца, ‑ваструся, ‑вострышся, ‑вострыцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пасля наточвання зрабіцца вострым. Піла добра навастрылася.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Стаць, зрабіцца больш адчувальным (пра органы пачуццяў).

3. перан. Разм. Стаць, зрабіцца больш уважлівым; насцеражыцца. — Ой, Мішка, што нядаўна было! — Сяргей аж за галаву схапіўся. — Што? — навастрыўся Міша. Курто.

4. Разм. Набыць уменне, спрыт, стаць спрактыкаваным у чым‑н. У адной хаце славіўся на ўсё сяло пчаляр, які так навастрыўся ў пчалярскай справе сваёй, што нават гаварыць з пчоламі ўмее. Мележ.

навастры́ць, ‑вастру, ‑вострыш, ‑вострыць; зак., што.

1. Зрабіць вострым. Пасля абеду бацька заткнуў сякеру за пояс і з парога кінуў: — Я ў вёску, да Базыля. Навастрыць трэба. Курто.

2. перан. Зрабіць больш адчувальным. Аўгіння Цітаўна прыўзняла галаву, навастрыла слых. М. Ткачоў.

•••

Навастрыць вушы — пачаць уважліва прыслухоўвацца; насцеражыцца. Максімка раскрыў галаву і навастрыў вушы, бо яму цяпер не відно было, што робяць маці з дзядзькам. Сабаленка. Праз хвілін дзесяць бор аглушыўся грымотным выбухам.. Гнеды навастрыў вушы, зафыркаў. Якімовіч.

Навастрыць лыжы — сабрацца, намерыцца ўцячы, пайсці адкуль‑н.