Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

наўко́лле, ‑я, н.

Абл. Наваколле. Рэкі сталі позна, а на топкіх балотах асобныя выгары і цяпер дымяцца сіняй парай, як увосень, засцілаючы наўколле туманамі. Ермаловіч.

наўко́льны, ‑ая, ‑ае.

Абл. Навакольны. З наўкольных сёл на трасу Высыпле ўзрушаны народ. Калачынскі.

наўко́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Укапаць вялікую колькасць чаго‑н. Наўкопваць слупоў.

наўко́с, прысл. і прыназ.

Разм. Тое, што і наўскасяк. Гаспадыня была ў чорным плацці; такая ж хустка наўкос закрывала лоб. Савіцкі. Наўкос усяго хвойніку рассцілаюцца па ўтульным моху зялёныя абрусы. Бядуля.

наўкру́г, прысл. і прыназ.

Разм.

1. прысл. Навокал, кругом. Мне здавалася тады, што гарэла ўсё наўкруг, гарэў увесь свет... Сачанка. Паглядзі, як прасторна наўкруг, Як прыціхлі палацы, касцёлы! Колас.

2. прысл. Не прама, а ў абход ці ў аб’езд; укругавую. Пажылыя з косамі, граблямі і харчамі ехалі на калёсах наўкруг за пятнаццаць вёрст, а моладзь ішла напрасткі цераз раку і балота. Чарнышэвіч.

3. прыназ. з Р. Вакол, кругом каго‑, чаго‑н. [Дрэвы] утваралі зялёную агаро[д]жу наўкруг усяго парку. Чарнышэвіч. Калі Варанецкі скончыў, Парамонаў устаў і захадзіў па пакоі наўкруг стала. Дуброўскі.

наўкру́га, прысл. і прыназ.

Разм. Тое, што і наўкруг. Здавалася, што можа на дваццаць вёрст наўкруга цяпер не было і жывой душы. Лобан. [Вартавы] абышоў наўкруга астравок, пільна ўслухоўваўся ў кожны гук, у кожны трэск лясной галінкі. Лынькоў. Наўкруга стала чалавек пяць вяло ажыўленую гутарку. Мурашка.

наўме́, прысл.

У галаве, у думках. Гэтыя словы бацька вымавіў у адзін дых — няйнакш, даўно насіў іх наўме і толькі чакаў зручнага выпадку, каб сказаць. Сачанка. У нас абодвух наўме адно войска, што ідзе па шашы. Сяркоў. // (з адмоўем «не»). Не да таго, не да гэтага. [Наталля:] Я і рада, што так выйшла. Не наўме цяпер вяселле. Крапіва.

наўмы́сля, прысл.

Тое, што і наўмысна. Ідзе Віктар наўмысля марудна, ледзь пераступаючы нагамі, каб як даўжэй працягнуць дарогу. Зарэцкі.

наўмы́сна, прысл.

З намерам, свядома. З гэтага дня я ўжо наўмысна пазбягаў сустрэчы з Аксеняй, бадай што ніколі не заходзіў на вячоркі. Лупсякоў.

наўмы́снасць, ‑і, ж.

Уласцівасць наўмыснага.