Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

наба́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да набату; прызначаны для набату (у 1 знач.). Набатны звон. □ Гэта не вецер калыша лясы, Гэта трывогі звіняць галасы, Гэта ў рэйку набатную б’юць. Танк.

2. перан. Які гучыць, як набат. Праз сотні кіламетраў, якія аддзялялі нас ад лініі фронта, у глыбокім варожым тыле, чулі мы набатны заклік нашай слаўнай партыі і ўрада ўзнімацца на бязлітасную барацьбу з гітлераўскімі захопнікамі. Казлоў.

наба́ўка, ‑і, ДМ ‑баўцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. набавіць.

2. Тое, што набаўлена. Разоў два.. [фельчар] пэцнуў Сашкаву руку ёдам, абліў яшчэ зверху чымсьці жоўтым, забінтаваў і, беручы ад Стафанковіча грошы, вытаргаваў набаўку. Чорны.

наба́ўлены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад набавіць.

набаўля́цца, ‑яецца; незак.

Зал. да набаўляць.

набаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да набавіць.

наба́яць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.

Разм.

1. Сказаць, расказаць што‑н., нагаварыць многа чаго‑н.

2. Расказаць казку, байку або многа казак, баек. Набаяць баек.

набе́г, ‑у, м.

1. Раптоўны напад, уварванне на якую‑н. тэрыторыю і спусташэнне яе. Набег татарскай арды. □ І здаецца, што гэта не семінарысты спяваюць ля печкі ў вагоне, а гуляе запарожская сеч пасля буйнага набегу дзесьці ў стэпе ля вогнішчаў. Сяргейчык. // перан. Уварванне з карыслівымі мэтамі ў чужы сад, агарод і пад. [Бушыла:] — Я сам некалі ў свой час на сады і гароды набегі рабіў. Шамякін.

2. Раптоўны павеў ветру, прыліў вады і пад. Нібы шротам налітыя,.. [каласы] ад лёгкага набегу ветру прыпадаюць да самай зямлі, просячы сярпа... Хадановіч.

набе́гацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Пабегаць уволю, стаміцца, бегаючы. Я не разумеў, як гэта можна не пад’есці, калі добра набегаешся за цэлы дзень... Ваданосаў. — Навошта так рана.. [Паўліка] будзіш? — запытала маці, якая ўжо завіхалася ля печы. — Набегаецца яшчэ за цэлы дзень... С. Александровіч.

набе́гаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Разм. Бегаючы, атрымаць, набыць што‑н. Пабегаць сабе прастуду.

2. За які‑н. час прабегчы пэўную колькасць кіламетраў. За тыдзень пабегаў 80 кіламетраў.

набе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; зак.

1. на каго-што. Бегучы, сутыкнуцца з кім‑, чым‑н., наскочыць на каго‑, што‑н. Набегчы на прахожага. Набегчы на камень.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Хутка насунуўшыся, пакрыць сабой нейкую прастору (пра хвалі, хмары і пад.). Я зноў ля мора. У далях шэрых Яно іграе, нібы ртуць. І хвалі на пясчаны бераг То набягуць, то адбягуць. Ставер. // Раптам наляцець, узняцца, пачацца (пра вецер, дождж і пад.). Набег цёплы ветрык і ўскалыхнуў возера. Кандрусевіч.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Раптам узнікнуць, з’явіцца (пра думкі, пачуцці і пад.). Набеглі ўспаміны. Набег смутак. Набеглі трывожныя думкі. // З’явіцца на твары, як адбітак якіх‑н. пачуццяў. Усмешка набегла на твар капітана. Пестрак. // Выступіць на вачах (пра слёзы). На вочы бацькі набеглі слёзы. Мележ. // чым. Пачырванець ад прыліву крыві. Юрка бачыць, якая чырвоная ў Акцызніка ззаду шыя, — здаецца, набегла крывёю. Пташнікаў.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Нацячы, насыпацца (пра вадкасці або сыпкія целы). Набегла вада ў пограб. // перан. Павялічыцца ў суме, сабрацца, назапасіцца. [Учотчыца:] — За бульбу працэнтоўку даюць. З дзесяці пудоў — пуд. Сотня пудзікаў каму-небудзь набяжыць. Навуменка. [Анатоль Макаравіч:] — [Нехта] так ушчыльніў сеансы, што паміж імі няма перапынкаў. А раз такая шчыльнасць, то даволі на сеанс якой-небудзь затрымкі хвіліннай, каб да вечара набегла дзесяць-пятнаццаць мінут спазнення... Шамякін.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сабрацца ў адным месцы ў вялікай колькасці, збегчыся. Набегла народу з усяе ваколіцы. Бядуля. Праз хвіліну ўсё навокал астрога было на нагах, у камеру набегла паліцыянтаў. Чорны.

•••

Набегчы на памяць — успомніцца.