Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

даця́гвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да дацягнуцца.

даця́гваць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да дацягаць.

даця́гваць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да дацягнуць.

дацягну́цца, ‑цягнуся, ‑цягнешся, ‑цягнецца; зак.

1. Выцягваючыся або працягваючы што‑н., дастаць, дакрануцца да каго‑, чаго‑н. Дацягнуцца рукой да столі. □ Быў .. [жарэбчык] надта слабенькі. Сам нават да матчынага малака не мог дацягнуцца. Якімовіч. // перан. Дасягнуць, дамагчыся чаго‑н. Атрымлівалася, што каб дацягнуцца да таго ўдою, аб якім гаварыла радыё, трэба, прынамсі, двум ці тром суседзям зліць са сваіх даёнак у адну пасудзіну. Хадановіч.

2. Узрастаючы, павялічваючыся, дасягнуць якога‑н. месца. А дом усё рос і пакрыху дацягнуўся да акон. Чарнышэвіч.

3. Разм. Павольна, з цяжкасцю дайсці, дабрацца да якога‑н. месца. Стэп быў бязлюдны. У каго не хапіла сіл дацягнуцца да горада, спалі, дзе хто мог. Няхай. [Лясніцкі] ледзь дацягнуўся да ложка, кінуўся ніц, не раздзеўшыся, і адразу заснуў, як забіты. Зарэцкі. // перан. Працягнуцца, дайсці да якой‑н. мяжы (пра час). [Сашка] пачаў думаць, як бы выгадна ў першы дзень паказацца перад .. [супрацоўнікамі]. У такіх думках час дацягнуўся да паловы чацвёртай. Чорны.

дацягну́ць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак., каго-што.

1. Цягнучы, даставіць да якога‑н. месца; давалачы. Дацягнуць лодку да вады. // Разм. Павольна, з цяжкасцю давезці, данесці да якога‑н. месца. Пакуль Антонава кабыла дацягнула свой воз да млына, зрабілася зусім цёмна. Новікаў. // без дап. Разм. З цяжкасцю даехаць, даляцець да якога‑н. месца. Самалёт паступова зніжаўся, нягледзячы на ўсе мае намаганні трымацца набранай вышыні. Я адразу зразумеў, што нам не дацягнуць да базы. Шамякін.

2. Працягнуць, правесці, пракласці да якога‑н. месца. Дацягнуць да лесу тэлефонны провад. // перан. Давесці што‑н. пачатае да канца ці да пэўнай ступені выканання. Дацягнуць урок да канца. Дацягнуць да нормы.

3. Праспяваць да канца; дапець. Як дацягнуў запявала апошняе слова, дзесяткі галасоў, няроўных, але ўпэўненых, падхапілі песню, узнялі яе ўгору і запоўнілі песняй пустынную вуліцу. Галавач.

4. і без дап. Разм. Правесці час да якога‑н. моманту. Дацягнуць час да вячэры. □ Каб толькі дацягнуць да ночы, там можна было б знайсці дарогу дадому. Лобан. // Пражыць, праіснаваць да якога‑н. часу, падзеі; дажыць. [Бацька] даўно ўжо чакаў гэтага моманту, даўно ўжо думаў, як дацягнуць да ўраджаю. Маўр. Дажыў Макарый да сівых валос І дацягнуў аж да вайны Айчыннай. З. Астапенка.

5. Разм. Зацягнуць выкананне чаго‑н., не зрабіць што‑н. своечасова. Дацягнуць здачу экзамена да вясны. □ — Дацягнулі да апошняга... Загубілі дзяўчынку! — злаваўся Сцепанец. Гарбук.

•••

Ледзь дацягнуць ногі — з цяжкасцю дайсці.

дацяка́ць, ‑ае.

Незак. да дацячы.

даця́міць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак.

Разм. Уцяміць, да канца зразумець. Іван Васільевіч не адразу дацяміў, што звоняць у школе. Шамякін. Толькі цяпер Вера дацяміла, чаму Міхась павёў размову здалёк. Асіпенка.

дацямна́, прысл.

Да надыходу цемнаты, да змяркання. Гарадскія шафёры ціснулі на ўвесь газ. Яны спяшаліся дацямна дабрацца дадому. Корбан. Верас ліловы, як на цымбалах, Ціха трымціць увесь дзень дацямна. Агняцвет.

дацярпе́ць, ‑цярплю, ‑церпіш, ‑церпіць; зак.

Разм. Выцерпець да канца ці да якога‑н. часу. Дацярпець да вясны.

дацячы́, ‑цячэ; пр. дацёк, ‑цякла, ‑ло; зак.

Цекучы, дасягнуць якога‑н. месца. Лава дацякла да падножжа гары.