дацягнуць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак., каго-што.
1. Цягнучы, даставіць да якога‑н. месца; давалачы. Дацягнуць лодку да вады. // Разм. Павольна, з цяжкасцю давезці, данесці да якога‑н. месца. Пакуль Антонава кабыла дацягнула свой воз да млына, зрабілася зусім цёмна. Новікаў. // без дап. Разм. З цяжкасцю даехаць, даляцець да якога‑н. месца. Самалёт паступова зніжаўся, нягледзячы на ўсе мае намаганні трымацца набранай вышыні. Я адразу зразумеў, што нам не дацягнуць да базы. Шамякін.
2. Працягнуць, правесці, пракласці да якога‑н. месца. Дацягнуць да лесу тэлефонны провад. // перан. Давесці што‑н. пачатае да канца ці да пэўнай ступені выканання. Дацягнуць урок да канца. Дацягнуць да нормы.
3. Праспяваць да канца; дапець. Як дацягнуў запявала апошняе слова, дзесяткі галасоў, няроўных, але ўпэўненых, падхапілі песню, узнялі яе ўгору і запоўнілі песняй пустынную вуліцу. Галавач.
4. і без дап. Разм. Правесці час да якога‑н. моманту. Дацягнуць час да вячэры. ▪ Каб толькі дацягнуць да ночы, там можна было б знайсці дарогу дадому. Лобан. // Пражыць, праіснаваць да якога‑н. часу, падзеі; дажыць. [Бацька] даўно ўжо чакаў гэтага моманту, даўно ўжо думаў, як дацягнуць да ўраджаю. Маўр. Дажыў Макарый да сівых валос І дацягнуў аж да вайны Айчыннай. З. Астапенка.
5. Разм. Зацягнуць выкананне чаго‑н., не зрабіць што‑н. своечасова. Дацягнуць здачу экзамена да вясны. ▪ — Дацягнулі да апошняга... Загубілі дзяўчынку! — злаваўся Сцепанец. Гарбук.
•••
Ледзь дацягнуць ногі — з цяжкасцю дайсці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)