Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вы́лежалы, ‑ая, ‑ае.

Які набыў патрэбныя якасці, праляжаўшы пэўны тэрмін у адпаведныя ўмовах. Андрэй і Іван граблямі скручвалі радкі вылежалага ільну, рабілі з іх вялізныя пукі. Чарнышэвіч.

вы́лежацца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.

1. Аднавіць свае сілы ляжаннем, добра адпачыць. Вылежацца пасля хваробы. // Наляжацца ўдосталь. Вылежацца ў пасцелі.

2. Набыць патрэбныя якасці, праляжаўшы пэўны тэрмін у адпаведныя ўмовах. Паліна Нікандраўна пайшла з раніцы правяраць, ці вылежаўся лён, можа час падымаць. Дуброўскі.

вы́лежаць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак.

1. Пралежаць дастаткова часу пасля хваробы. Крамарэвіч занадта рана падняўся з саломы і не вылежаў хваробы да канца. Чорны.

2. Прабыць у ляжачым становішчы пэўны час. Вылежаць дзве гадзіны пад сонцам.

3. Тое, што і вылежацца (у 2 знач.).

выле́жвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да вылежацца.

выле́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да вылежаць.

вы́лежка, ‑і, ДМ ‑жцы, ж.

Спец. Стан паводле дзеясл. вылежвацца — вылежацца (у 2 знач.).

вы́лезці, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; зак.

1. Выбрацца паўзком; выйсці, чапляючыся за што‑н. рукамі; выйсці адкуль‑н., прыклаўшы намаганні. Вылезці з глыбокага рова. Вылезці з кабінкі. Вылезці з-за стала. // Разм. Выйсці адкуль‑н. наогул. Зіма, на дварэ мяцеліца вее, Халодныя песні заводзіць віхор; Зоркі не свецяць і сонца не грэе, Аж вылезці страшна і глянуць на двор. Купала.

2. перан. Разм. З вялікімі намаганнямі пазбавіцца ад чаго‑н. Вылезці з галечы.

3. Выступіць, паказацца адкуль‑н.; выбіцца; прабіцца. Вылезлі спружыны з канапы. Косы вылезлі з-пад хусткі. Вылезла маладая траўка. // перан. Разм. Знешне праявіцца. Вылезла хцівасць наверх.

4. Выпасці (пра валасы, шэрсць); выліняць. Вылезла шэрсць.

•••

Бокам вылезці (выйсці); вомегам вылезці (выйсці) — не прайсці дарэмна для каго‑н.; адплаціцца. [Аўгіня:] — Пэўна ж, я сама вінавата: на багацце пагалілася. А гэта багацце мне вылезла бокам і атруціла мне жыццё. Колас.

вы́лепіцца, ‑піцца; зак.

Разм. Зрабіцца, стварыцца ў працэсе лепкі.

вы́лепіць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак., што.

1. Лепячы з мяккага матэрыялу, зрабіць, стварыць што‑н. Вылепіць снежную бабу. Скульптар вылепіў бюст Купалы.

2. Разм. Абклеіць. Вылепіць сцяну газетамі. □ — Дык што вам з тых грошай, здурнелі вы, ці што! У сметнік іх трэба выкінуць ці кут вылепіць імі, цяпер жа савецкія ўжо, лепшыя! Галавач.

вы́леплены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад вылепіць.