Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

насе́сці, ‑сяду, ‑сядзеш, ‑сядзе; пр. насеў, ‑села; заг. насядзь; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сесці куды‑н., на што‑н. у вялікай колькасці. У вагон насела многа народу. На плот населі птушкі.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Асядаючы на чым‑н., пакрыць сабою. На мэблю насеў пыл. // Прычапіцца да чаго‑н. На адзежу населі асцюкі.

3. Націснуць сваім цяжарам, наваліцца з сілай. Злуецца прымус на вялікі чыгун, што насеў, цісне яго крывыя ножкі. Баранавых. // Насунуцца, навіснуць. Выехалі [людзі] падвечар. Ледзь толькі мінулі бярэзнічак за мястэчкам, насеў поцемак. Мележ. Неба .. насела на самыя верхавіны дрэў. Быкаў.

4. перан. Разм. Настойліва патрабаваць ад каго‑н. чаго‑н. Клічка была зацверджана большасцю галасоў. — Лена, а як мы будзем цябе зваць? — населі дзяўчаты. — У мяне ўжо ёсць імя. Можаце зваць Алёшкам. Няхай.

5. Накінуцца на непрыяцеля. На гэты раз нам часта даводзілася вылазіць з машыны, бо нямецкі знішчальнік як насеў на нас у пачатку дарогі, дык не даваў спакою аж да самай вёскі. Казлоў. І населі тут на лебедзя Птахі дробныя. Багдановіч.

насе́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад насячы, насекчы.

насе́чка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. насячы, насекчы.

2. Зарубкі, шурпатасці, нарэзкі на паверхні чаго‑н. Напільнік — гэта стальны шпень са спецыяльнай насечкай.

3. Узор, выразаны на металічнай (або іншай) паверхні ці вылажаны іншым металам (або іншым матэрыялам). Шабля з сярэбранай насечкай. □ І гатова для вуздэчкі Серабрыстая насечка. Шушкевіч.

насе́яцца, ‑сеюся, ‑сеешся, ‑сеецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пасеяцца. Кожную вясну адскоквае на пасеках .. малады сасняк, што сам насеяўся за вайну. Пташнікаў. // Нападаць густа, раўнамерна. Усюды насеяўся пыл.

2. Разм. Стаміцца, наравіцца сеючы; уволю, доўга пасеяць.

насе́яць, ‑сею, ‑сееш, ‑сее; зак., чаго.

1. Пасеяць у нейкай колькасці. Насеяць жыта. Насеяць канюшыны. // Насыпаць густа, раўнамерна.

2. Прасеяць нейкую колькасць чаго‑н. Насеяць мукі.

насёрбацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Сёрбаючы, наесціся. А дзецям.. — хоць бы што! Насёрбаюцца варанай крапівы і галёкаюць па вуліцы. Пянкрат.

насіласава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., чаго.

Ператварыць у сілас (у 1 знач.). Насіласаваць кукурузы дваццаць тон.

насі́лкі, ‑лак; адз. няма.

Прыстасаванне для пераноскі грузаў або людзей (звычайна складаецца з дзвюх жэрдак з драўляным або палатняным насцілам). Санітарныя насілкі. □ Дзяўчаты падносілі на насілках копы. Шамякін.

насі́лле, ‑я, н.

1. Прымяненне фізічнай сілы. Пратэст супраць грубага насілля. Сляды насілля на целе.

2. Прымусовае ўздзеянне на каго‑н. для дасягнення сваёй мэты. Дыктатура ёсць панаванне часткі грамадства над усім грамадствам і прытым панаванне, якое апіраецца непасрэдна на насілле. Ленін. // Злоўжыванне сваёй уладай; прыцясненне. Разбурыць лад насілля і зла.

•••

Непраціўленне злу насіллем гл. непраціўленне.

насі́лу, прысл.

З вялікімі цяжкасцямі, ледзь-ледзь. Насілу дайсці. Насілу ўратавацца. □ Перадрыжала бедная Аленка на экзаменах. Насілу-насілу паступіла. Колас.