насе́вак, ‑сеўку, м.
Разм. Тое, што прызначана для пасеву; насенне. Як толькі снег з узгоркаў знік, Вазіць насевак-яравое Прыйшоў шматтонны грузавік. Танк. // Наогул тое, што сеецца, ляціць, падае зверху. Насевак з клёну. Насевак з хваёвых шышак. □ Алесь тужыў па свежай баразне, калі яна вясной .. крышыцца тлустымі, цёплымі камякамі, гатовая і прагная прыняць і залацісты дождж зярнят, і насевак са шчодрага неба. Брыль.
насе́джаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад наседзець.
2. перан.; у знач. прым. Абжыты. Ляцяць, як і летась, у вырай З наседжаных гнёзд жураўлі. Астрэйка. Вайна зрушыла з абжытых, наседжаных месц дзесяткі, сотні тысяч людзей. Новікаў.
насе́джванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. наседжваць — наседзець (у 1 знач.).
насе́джвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да наседжваць.
насе́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да наседзець, насядзець.
насе́дзецца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца і насядзе́цца, ‑сяджуся, ‑сядзішся, ‑сядзіцца; ‑сядзімся, ‑седзіцеся; зак.
Доўга, многа пасядзець. Маладая ўжо наседзелася дома і ёй пара было выходзіць на работу. Чарнышэвіч. — Насядзеўся за дзень. Не хачу. Надакучылі вы ўсе мне! — аж крыкнуў Генадзь. Сабаленка.
насе́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць і насядзе́ць, ‑сяджу, ‑сядзіш, ‑сядзіць; ‑сядзім, ‑седзіце; зак., што.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сагрэць яйкі цяплом свайго цела, выседжваючы птушанят (пра птушак).
2. Разм. Нажыць якую‑н. хваробу ў выніку працяглага сядзення. Наседзець гемарой.
насе́йвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да насеяцца (у 1 знач.).
2. Зал. да насейваць.
насе́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да пасеяць.