Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нарэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак.

1. чаго. Разрэзаць чым‑н. вострым на часткі, кавалкі; накроіць. Нарэзаць хлеба. Нарэзаць сыру. □ Бабка Параска нарэзала сала — і для закускі і для яечні. Колас. Маці лячыла лейтэнанта сваімі, хатнімі сродкамі. Узамен бінтоў яна нарэзала з прасціны доўгіх стужак, а для прамыўкі ран .. ужывала адвар з пахучых траў. Курто.

2. чаго. Зрэзаўшы або разрэзаўшы, нагатаваць у нейкай колькасці. Нарэзаць дроў. Нарэзаць сечкі. □ Чакаючы змроку, каб непрыкметна перабегчы ў вёску, Грышка нарэзаў бярозавых дубцоў і пачаў вязаць венік, каб не было ніякага падазрэння. Чарот. // Зрэзаўшы, прыгатаваць, зрабіць. Нарэзаць букет ружаў.

3. каго. Зарэзаць у нейкай колькасці. Нарэзаць гусей.

4. што і чаго. Падзяліць шляхам межавання або выдзеліць у час межавання. Нарэзаць зямлі. □ [Сузон:] — Мне на панскім [полі] хутар нарэзалі, толькі ж куды мне з такімі будынкамі перасяляцца? Галавач.

5. што. Зрабіць нарэзы. Нарэзаць гайку.

6. што. Зрабіць разьбу на чым‑н. Нарэзаць гравюру.

7. што. Спец. Падрыхтаваць участак для выемкі ў шахце. Нарэзаць лаву.

8. што. Зрабіць надрэз на чым‑н.

9. што. Нарабіць зубцоў на піле, назубіць.

10. што. Намуляць чым‑н. Нарэзаць плячо лямкой.

нарэ́званне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. нарэзваць.

нарэ́звацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да нарэзацца (у 1 знач.).

2. Зал. да нарэзваць.

нарэ́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да нарэзаць (у 1, 2, 4–10 знач.).

нарэ́зка, ‑і, ДМ ‑зцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. нарэзаць (у 4–9 знач.).

2. Вінтавыя канаўкі, разьба, якія робяцца звонку або ўнутры прадмета. Вінтавая нарэзка.

нарэ́шце, прысл.

1. Пасля ўсяго, напаследак. Я моўчкі чакаў. Маўчаў і .. [незнаёмы]. Нарэшце цяжка прыўзняўся, адсунуўся на край сядзення. Шашкоў. Пад нагамі не зямля, а кісель. Ступіш — і баішся, каб не засмактала, хутчэй робіш наступны крок.. Нарэшце дрыгва скончылася. Жычка.

2. у знач. далучальнага злучн. (часта ў спалучэнні са злучнікам «і»). Ужываецца для далучэння асобнага слова або цэлага сказа. Надакучылі госці братам. Пачалі яны думаць, як ад іх збавіцца. Думалі, думалі, нарэшце дадумаліся. Якімовіч.

3. у знач. пабочн. Паказвае на завяршэнне працэсу, дзеяння, з’явы. Валодзька выпрасіў, нарэшце, у рэдактара дазвол паехаць на раён. Брыль. Цэлы дзень блукаў [Андрэй] па.. [лесе], нарэшце, пад вечар, выбраўся на палянку. Якімовіч.

4. у знач. пабочн. Паказвае, што мера цярпення, чакання і пад. скончылася, або падкрэслівае што‑н. — Ды сціхніце вы, нарэшце.

нас,

гл. мы.

насаба́чыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

Груб., фам. Налаўчыцца, прывыкнуць што‑н. рабіць. [Варанецкі:] — Вы думаеце, што я ў сельскай гаспадарцы акадэмік?.. Гэта цяпер я крыху насабачыўся. А тады... Дуброўскі.

насавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да носа (у 1, 2 знач.). Насавыя адтуліны. Насавыя косці. Насавая частка катэра.

2. Які выгаворваецца ў нос. Насавыя гукі.

3. Які знаходзіцца на носе судна, самалёта і інш. Насавыя гарматы крэйсера.

насагло́тачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да насаглоткі.