Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

напла́віць, ‑плаўлю, ‑плавіш, ‑плавіць; зак., што і чаго.

1. Прырабіць шляхам плаўкі. Наплавіць на паверхню метал.

2. Прыгатаваць шляхам плаўкі нейкую колькасць чаго‑н. Наплавіць свінцу.

напладзі́цца, ‑плодзіцца; пераважна безас. зак.

Разм.

1. З’явіцца на свет, радзіцца ў вялікай колькасці. Напладзілася мух. □ Быў якраз чэрвень, і Міхась дзівіўся, колькі напладзілася сёлета шпакоў. Сачанка.

2. перан. Развесціся ў вялікай колькасці. Напладзілася гультаёў.

напладзі́ць, ‑пладжу, ‑плодзіш, ‑плодзіць; зак.

Разм.

1. каго. Радзіць у вялікай колькасці. Напладзіць дзяцей. // Стварыць умовы для з’яўлення на свет каго‑н. у вялікай колькасці. Напладзіць прусакоў.

2. перан.; каго-чаго. Развесці ў вялікай колькасці. Напладзіць аддзелаў.

напла́кацца, ‑плачуся, ‑плачашся, ‑плачацца; зак.

1. Паплакаць многа, уволю. Аддаючы дачку, Акіліна дала выхад сваім пачуццям, якія таіла за многія гады: і наплакалася і навесялілася ўволю. Шкраба. Хутчэй бы дадому, уціснуцца ў крэсла, згарнуцца ў клубочак і наплакацца ўволю... Марціновіч.

2. перан. Разм. Нацярпецца, перажыць многа гора, непрыемнасцей. Наплакацца з дрэнным работнікам. □ «А ты, — кажу, — не спяшайся. Яшчэ там вашы Ёзапы наплачуцца, пачакай!..» Брыль.

напла́каць, ‑плачу, ‑плачаш, ‑плача; зак.

1. што і чаго. Разм. Праліць нейкую колькасць слёз. Ад прыгону-гора, ад паноў, ад катаў слёз стаяла мора, што мужык наплакаў. Машара.

2. што. Плачучы, давесці да чырвані, прыпухласці (вочы).

•••

(Як) кот наплакаў гл. кот.

напланава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак., што і чаго.

Разм. Запланаваць нейкую колькасць чаго‑н. Напланаваць работы. □ — Ты мне зубы не загаварвай. Скажы, што ты там яшчэ напланаваў. Няхай.

напластава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. напластаваць.

2. Асадкавыя ўтварэнні ў горных пародах у выглядзе пластоў. Напластаванні зямной кары. Напластаванні пяскоў.

3. перан. Якая‑н. асаблівасць у культуры, свядомасці, характары больш позняга альбо чужога паходжання; наслаенне. Класавыя напластаванні. Напластаванні вякоў. □ Складана пераплятаюцца .. [у краінах Махрыба] напластаванні культур Фінікіі, антычнай Еўропы і мусульманскага Усходу з дасягненнямі сучаснай цывілізацыі. В. Вольскі.

напластава́ны і напласто́ваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад напластаваць.

напластава́цца, ‑туецца; зак.

1. Размясціцца пластамі. Напластаваліся наносы.

2. перан. Захавацца ў пэўнай паслядоўнасці за доўгі перыяд часу. У душы напластаваліся ўспаміны.

напластава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., чаго.

1. Накласці пластамі. Памацаў [Васіль Кузьміч], як падсохла трава, узяў у Мальвіны граблі, напластаваў і палажыў .. у капу. Пальчэўскі.

2. Спец. Нарэзаць пластамі. Напластаваць рыбы.

3. перан. Пакінуць які‑н. адбітак за доўгі перыяд часу.