Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

накурэ́ць, ‑эе; зак.

Напусціць дыму; накуродымець. Накурэла галавешка ў хаце.

наку́саны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад накусіць.

накуса́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад накусаць.

накуса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.); каго-што. Пакусаць, нарабіць укусаў у многіх месцах (пра насякомых). Накусалі камары рукі. □ Конь злосна махае галавою, спыняецца і трэ вочы аб калені пярэдніх ног або дастае галавою і зубамі хапае за месцы, дзе накусалі сляпні. Галавач.

2. чаго. Разм. Адкусваючы шчыпцамі, нарабіць кавалкаў. Накусаць цукру. Накусаць дроту.

наку́сванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. накусваць ​2.

наку́сваць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да накусаць.

наку́сваць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да накусіць.

накусі́ць, ‑кушу, ‑кусіш, ‑кусіць; зак., што.

Пракусіць злёгку, зверху, не да канца. Накусіць яблык.

накуха́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., чаго і без дап.

Разм. Наварыць чаго‑н., прыгатаваць у нейкай колькасці. Дастаўшы чыгунах.., [Андрэй Данілавіч] заглядваў у пасудзіну і дабрадушна бубніў: «Ну, а тут што ёсць? Чаго нам тут накухарыла?..» Ракітны.

накцю́рн, ‑а, м.

Невялікі музычны твор лірычнага характару. Накцюрны Шапэна.

[Фр. nocturne — літаральна начны.]

накшта́лт, прыназ. з Р.

Спалучэнне з прыназоўнікам «накшталт» выражае параўнальныя адносіны: указвае на прадмет, з’яву, прызнак, да якіх падобны якія‑н. прадметы, з’явы, прызнакі. Міхал Тварыцкі бачыў перад сабой нешта накшталт скрыжавання гарадскіх вуліц. Чорны. Камедыя будзе гучаць актуальна, свежа да таго часу, пакуль з жыцця зусім не знікнуць тыпы накшталт Гарлахвацкага і Зёлкіна. Казека. Пятляла рэчка тут накшталт вужакі. Машара.

[Польск. na ksztalt.]