Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нараспе́ў, прысл.

Працягла, расцягваючы словы. Гаварыць нараспеў. □ Спачатку настаўніца расказала пра жыццё паэта, а потым нараспеў, з нейкай асабліва задушэўнай інтанацыяй пачала чытаць паэму. С. Александровіч.

нараспло́джвацца, ‑аецца; безас. зак.

Распладзіцца ў вялікай колькасці. Нарасплоджвалася ваўкоў.

нараспло́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Распладзіць у вялікай колькасці. Нарасплоджваць свіней. Нарасплоджваць мух.

нараспо́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Распароць вялікую колькасць чаго‑н. Нараспорваць старой бялізны на анучы.

нарассціла́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Разаслаць, паслаць на якой‑н. паверхні многа чаго‑н. Нарассцілаць палеткаў пры рэчцы.

нарассыпа́цца, ‑аецца; безас. зак.

Рассыпацца, раскідацца ў нейкай колькасці. Нарассыпалася солі.

нарассыпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Рассыпаць, раскідаць у многіх месцах. Нарассыпаць зярнят. □ Мінула ноч, і сонца ўстала, На ясны выйшла небакрай, Пялёсткаў скрозь нарассыпала. Глебка. Федзю раптам кінулася ў вочы, што на пажоўклай траве .. валяецца шмат каменняў, як быццам хто іх знарок нарассыпаў тут. Ваданосаў.

на́раст, ‑а, М ‑сце, м. і на́расць, ‑і, ж.

1. Ненармальнае патаўшчэнне на якой‑н. частцы арганізма. Мазольныя нарасты на руках. Нарасты на галінах дрэва. □ [Юдзін] не ведаў, што гэта лішай такі, нездаровая нарасць — лес жа таксама хварэе. Масарэнка.

2. Пукатасць на галаве, каля носа і вачэй у некаторых жывёл, рыб і птушак. Нараст на галаве ў гусей.

3. Тое, што наогул нарасло дзе‑н., на чым‑н. Нараст смалы на дрэве. Нараст шлаку. □ Ад цяпла іх [вербы] адгароджвалі не толькі шыбы, але і тоўсты пласт інею на іх з лёдавымі нарастамі і глыбокімі шчылінамі па краях, каля рам. Шамякін. // перан. Аб нездаровых з’явах у грамадскім жыцці. Нарасты дробнабуржуазнай псіхалогіі.

нарастава́ць, ‑стае; безас. зак.

Растаць у вялікай колькасці. Нараставала многа снегу.

нараста́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. нарастаць.