Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вышыва́льшчык, ‑а, м.

Мужчына, які займаецца вышываннем.

вышыва́льшчыца, ‑ы, ж.

Жанчына, якая займаецца вышываннем.

вышыва́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. Кашуля, аздобленая вышыўкай. І от вясна. У выхадны дзень яшчэ з рання я надзеў сваю вышыванку і пайшоў да Паўлюка. Сабаленка.

вышыва́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. вышываць — вышыць.

2. Тое, што вышыта або вышываецца. Сонечнае, паўднёвае акно асвятляла.. падлогу, шафу ля дзвярэй і снежна-белыя пасцелі з вышываннем на падушках. Грамовіч.

вышыва́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад вышываць. Падушка, вышываная гладдзю.

2. у знач. прым. Аздоблены вышыўкай; вышыты. Вышываны абрус. Вышываная кашуля.

вышыва́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да вышываць.

вышыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да вышыць.

вышы́ннік, ‑а, м.

Разм. Той, хто мае дачыненне да работы на значнай вышыні.

вышы́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да вышыні (у 1–3 знач.). Вышынны пояс расліннасці. Вышынны будынак. Вышынная хвароба.

вышыня́, ‑і; мн. вышыні, вышынь і вышыняў; ж.

1. Адлегласць ад асновы да вяршыні. Вышыня вежы. Вышыня паверха дома. □ Насып каля моста меў пяціметровую вышыню. Шамякін. // Адлегласць ад зямлі ўверх да чаго‑н. Вышыня палёту. Вышыня зрэзу расліны. □ На вышыні больш чым тысячы метраў бліснулі ў ранішнім сонцы.. самалёты. Лынькоў.

2. Высокая прастора над зямлёй. Завоблачная вышыня. □ Луналі чайкі ў сінім паднябессі І крыкам нас віталі з вышыні. Аўрамчык.

3. Узвышша, пагорак. Заняць вышыню. □ На безыменнай вышыні Зноў разгарэўся бой. Танк.

4. Велічыня, памер, узровень чаго‑н. Вышыня ціску паветра. Вышыня голасу.

5. Перпендыкуляр, апушчаны з вяршыні фігуры на яе аснову. Вышыня трохвугольніка, трапецыі.

6. Вугал стаяння свяціла над гарызонтам.

•••

Быць на вышыні гл. быць.

З вышыні птушынага палёту — з вышыні, на якую падымаюцца птушкі.

Узняць на належную вышыню гл. узняць.