напы́рскаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.
Пакрыць пырскамі паверхню чаго‑н. Напырскаць вады на падлогу.
напы́рскваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да напырскаць.
напыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Распытваючы, знайсці патрэбную рэч, патрэбнага чалавека. Напытаць работу. □ Купіла хату.. [Годля] гады праз два пасля вайны, сама, казалі, напытала, сама старгавалася. Мележ. Па нядзелях.. [Раечка] хадзіла на Траецкі базар, мяняла свае залатыя кольцы ды браслеткі на муку і масла. Там яна напытала і акушэрку. Лобан.
напы́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да напытаць.
напытлява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., чаго.
Спытляваць нейкую колькасць (пра муку). Напытляваць мукі на пірагі.
напы́шлівасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць напышлівага. Напышлівасць мовы. Напышлівасць выгляду.
2. Празмерная важнасць, ганарлівасць. З.. твару адразу знікла напускная ганарлівасць і напышлівасць. Галавач.
напы́шлівы, ‑ая, ‑ае.
1. Празмерна важны, ганарысты; поўны важнасці, ганарыстасці. Напышлівы і ганарлівы, .. [Вайтовіч] ехаў следам за польскім войскам, ачмураным марамі Пілсудскага. Пальчэўскі. Цяпер Дывінцу было прыкра за тое сваё прыніжэнне, за тую ўступку, што была зроблена напышлівай Адзелаідзе Сяргееўне. Асіпенка. // Які выражае важнасць, ганарыстасць. Напышлівы выгляд.
2. Празмерна ўрачысты, штучны ў сваім выражэнні. Напышлівая прамова. □ Сапраўдны подзвіг заўсёды сціплы, як і сапраўдны герой, ад якога ніколі не пачуеш пахвальбы і напышлівых тырад. Казека. Я заўсёды баюся напышлівых выцвілых слоў, што звіняць, як жабрацкая медзь у асенняй журбе. Вялюгін.
напэ́ўна, прысл.
1. Беспамылкова, з разлікам; без рызыкі. Крайко, што называецца, дзейнічаў заўсёды напэўна, ён не любіў працаваць прыблізна, абы-як. Ваданосаў.
2. у знач. пабочн. Мабыць, хутчэй за ўсё. У седлавіне, напэўна, быў перавал, туды вяла сцежка. Быкаў. Гукун брыўся паволі, не спяшаючыся. Напэўна, тут, у лясным гушчары, ён адчуваў сябе спакойна. Нядзведскі.
напэ́цкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм.
1. Нарабіць бруду; запэцкаць што‑н. Напэцкаць на падлозе.
2. перан. Зрабіць дрэнна, нядбайна. Звалі [памяшканне] з недаробкамі, напоркалі, напэцкалі, нібы гэта рабілі, гуляючы, самі выхаванцы дзіцячага садзіка. «Вожык».
напява́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. напяваць.