напу́дрыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.
Пакрыць свой твар слоем пудры.
напу́дрыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.
Панесці слой пудры. Напудрыць твар.
напужа́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад напужаць.
напужа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Адчуць страх, моцна спужацца; напалохацца. Напужацца сабакі. □ Сам камендант напужаўся не менш, чым яго ваякі. Якімовіч.
напужа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.
Выклікаць у каго‑н. страх, спужаць. Напужаць дзіця. □ Пан Крулеўскі меркаваў, што баявы ланцуг, прайшоўшы пушчу, зрушыць і напужае партызан. Колас.
напу́льснік, ‑а, м.
Павязка, якая накладваецца на тое месца, дзе адчуваецца пульс (для засцярогі ад холаду, ад расцяжэння звязак пры гімнастычных практыкаваннях і г. д.).
на́пуск, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. напусціць (у 2, 4 і 7 знач.).
2. Частка адзення, якая свабодна звісае, выступае над чым‑н. Кофтачка з напускам. □ Выйшлі ў Галіцу завідна, каб да змяркання быць у школе. Бацька — у сінім суконным пінжаку ў палоску, у карычневых штанах з напускам на боты. Паўлаў. // Навіслая частка капелюша, кепкі. Пасыпаны рабаціннем носік Банадзюка зусім гінуў пад напускам капелюша. Пестрак. // Частка прычоскі, што навісае на лоб. Прычоска з напускам. □ У кабінеце, акрамя старшыні, сядзелі два чалавекі. Адзін быў старэйшы, з напускам валасоў на лоб, а другі — маладзейшы. Ермаловіч. // Частка даху, якая звісае. Дах клетак робіцца з напускам.
3. Спец. Спуск сабак з прывязі на звера ў час палявання.
напуска́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. напускаць 1 — напусціць (у 2 знач.) і напускаць 2.
напуска́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да напусціцца.
2. Зал. да напускаць 1.
напуска́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да напусціць.
•••
На вочы не напускаць каго — не цярпець, адносіцца з пагардай, жорстка. І біў [Лёня] мяне не менш, як у той казцы дзед казу. Маці, якая і сама не напускала на вочы мяне за гультаяватасць, і то аднойчы не сцярпела: — Ды годзе табе яго дубасіць... Сачанка.
напуска́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-чаго.
Даць магчымасць увайсці, пранікнуць вялікай колькасці каго‑, чаго‑н. Напускаць мух у хату. Напускаць дыму.