Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

настава́ць, ‑стае.

Незак. да настаць.

наста́віцца, ‑стаўлюся, ‑ставішся, ‑ставіцца; зак.

Разм. Накіраваць пільны і доўгі позірк на каго‑н. — Не Кастусь, а ты будзеш араць! Зразумеў? — наставіўся вачыма на пана Габрыэля Чаравака. Пестрак.

наста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак.

1. чаго. Паставіць у значнай колькасці. Дома маці наставіла на стол, што толькі мела. Якімовіч. Стагоў сёлета калгас .. наставіў шмат: была добрая трава. Пташнікаў. // Пабудаваць значную колькасць чаго‑н. Замест жа хібарак, панылых цямніц, Наставім прыгожых святліц. Колас.

2. што. Накіраваць на каго‑, што‑н., у бок каго‑, чаго‑н.; нацэліць. Салдат наставіў на.. [маладога чалавека] аўтамат. Чорны. Начальнік паліцыі падышоў і наставіў пісталет упрытык да грудзей. Новікаў.

3. што. Выставіць наперад; выцягнуць. Зося наставіла рукі і адступалася назад. Крапіва.

4. што. Накіраваць на каго‑, што‑н. (позірк, вочы і пад.). Шляхціц наставіў на пана спалоханыя вочы. Бядуля.

5. што. Падняць, зрабіць стаячым (каўнер). Люба схавала сшытак, наставіла каўнер у кажушку і развіталася. Мурашка. [Аўсееў] наставіў каўнер і нерашуча ступіў у змрок ночы. Быкаў. // Падняць, натапырыць насцярожана (вушы, шэрсць і пад.). Конь ірвануў сані ў бок ад Панаса, наставіў палахліва вушы і пабег шпарчэй. Галавач. Хіб наставіў звер калматы. Вітка.

6. што. Разм. Паставіць грэцца (пра самавар). [Марына Паўлаўна:] — Я наставіла самавар — зараз будзе гатоў. Зарэцкі.

7. чаго. Разм. Пабоямі нарабіць (сінякоў, гузакоў). Наставіць сінякоў. □ За выпасы нямала вялося гарачых спрэчак паміж ніўскімі і нізоўскімі начлежнікамі, нямала наставілі адзін аднаму гузакоў. М. Ткачоў.

8. што. Павесіць, надзеўшы на што‑н.; навесіць. Шэмет моўчкі падышоў да варот і пачаў спрабаваць наставіць вароты на крук. Лобан.

•••

Акуляры наставіць каму — падмануць каго‑н., паказаўшы што‑н. у значна лепшым выглядзе, чым ёсць на самай справе.

Наставіць (натапырыць) вушы — пачаць прыслухоўвацца.

Наставіць (навесці) на дарогу — навучыць чаму‑н., дапамагчы ўладкавацца ў жыцці.

Наставіць (навесці) на розум — даць разумную параду, навучыць чаму‑н. добраму.

Наставіць рогі каму — а) здрадзіць мужу; б) стаць палюбоўнікам чыёй‑н. жонкі.

настагна́цца, ‑стагнуся, ‑стогнешся, ‑стогнецца; зак.

Разм. Доўга, многа пастагнаць.

наста́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

Наварыць сталлю. Насталіць кірку.

настальгі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да настальгіі.

настальгі́я, ‑і, ж.

Кніжн. Туга па радзіме. Прыступ настальгіі.

[Ад грэч. nśtos — вяртанне і álgos — боль.]

настара́цца, ‑раюся, ‑раешся, ‑раецца; зак. (пераважна з адмоўем).

Стараннямі зарабіць, набыць у дастатковай колькасці. [Лабыш:] На ўсіх гультаёў хлеба не настараешся. Козел.

настаўле́нне, ‑я, н.

1. Павучанне, настойлівая парада. Бацькоўскае настаўленне. □ — Не лезь ты са сваімі настаўленнямі, — агрызнуўся, але без злосці Ваўчок. Хадкевіч. // Парада, якая што‑н. растлумачвае. Вася Захараўна дае апошнія настаўленні, як абыходзіцца з дзіцем. Сабаленка.

2. Інструкцыя. Настаўленне па вайсковай справе.

наста́ўлены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад наставіць.