Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

напра́ўшчык, ‑а, м.

Майстар па напраўцы чаго‑н.

напра́ўшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да напраўшчык.

напрацава́цца, ‑цуюся, ‑цуешся, ‑цуецца; зак.

Папрацаваць многа, доўга, уволю. Папрацавацца за свой век. □ Дзень прамінуў для Міхася неўзаметку, хоць і нахадзіўся ён, і напрацаваўся за добры іншы тыдзень. Якімовіч. Вясёлыя былі дзянькі. Напрацуешся, напяешся, нарагочашся! Шамякін. // Стаміцца ад працы. На.. спіне, плячах, па расслаблена апушчаных руках было відно, што.. [маці] моцна напрацавалася. Ракітны.

напрацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак.

1. што і чаго. Працуючы, атрымаць у якой‑н. колькасці; зарабіць. За лета папрацаваў тысячу рублёў.

2. Змагчы працаваць пры пэўных умовах. [Андрэй:] — Будзе лезці кожны са сваімі прапановамі — не надта напрацуеш. Шахавец.

напро́ст, прысл.

1. Не звязваючы (у снапы), свабодна. Камунары завіхаліся на жніве. Павыцягвалі панскія жняяркі, прыладзілі да кос грабелькі і з ранішняй расою клалі напрост супольна пасеянае жыта. Грахоўскі. / перан. Свабодна, без цяжкасцей. Значыць, сіла такая — вялікая — ёсць, Што й навалу абложыць напрост: Гэта наша — твая і мая — маладосць. Глебка.

2. Абл. Напрасткі. Беглі людзі напрост — Цераз мост, цераз луг — На папар Беглі. Куляшоў.

напро́ці, прысл. і прыназ.

Разм. Тое, што і насупраць, насупроць. Давай далонь, сядай за стол напроці. Валасевіч. Вера сядзела напроці Максіма і не зводзіла з яго вачэй. Машара.

напро́швацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да напрасіцца.

напро́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да напрасіць.

напру́жанасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан напружанага. Напружанасць дзеяння. Напружанасць становішча. Сюжэтная напружанасць рамана. □ Людзі працавалі з выключнай напружанасцю — дзень і ноч. Шамякін.

напру́жанне, ‑я, н.

1. Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. напружыць, напружыцца.

2. Сканцэнтраванне намаганняў, затрата вялікай энергіі, сіл для ажыццяўлення чаго‑н. Рабіць без напружання. Нервовае напружанне. Творчае напружанне. □ Шкада было матораў.. машын, шкада было шафёраў, рукі якіх дранцвелі ад напружання. Кулакоўскі. Працоўнае напружанне на палях не спадае ні на адзін дзень. «Звязда». // Крайняя ступень працякання чаго‑н. Трымаць усіх у напружанні. Трывожнае напружанне. □ Відаць, сход дайшоў да самага высокага напружання. Дуброўскі.

3. Ненатуральнае становішча, нацягнутасць. Вострае напружанне міжнародных падзей.

4. Спец. Велічыня ціску або расцяжэння, якія ўзнікаюць у цвёрдым целе ў выніку знешняга ўздзеяння (сіл, тэмпературы і пад.).

5. Спец. Велічыня, якая характарызуе работу электрычных сіл пры перамяшчэнні электрычнага зараду. Электрычнае напружанне ў адзін вольт. Ток высокага напружання.