надку́шаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад надкусіць.
надлабко́вы, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца над лабком. Надлабковая косць.
надлама́ны і надло́маны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад надламаць.
2. у знач. прым. Змучаны, пазбаўлены фізічных і душэўных сіл; з надломам (у 2, 3 знач.). Надламаная душа. □ [Васіль Ціханавіч] нейкім надламаным і ціхім голасам сказаў: — Што ты, Дзяніс... Сіўцоў. Убачыўшы сына, [маці] павольна павярнулася да яго, надломаным голасам спытала: — Што? Як там? Ткачоў.
надлама́цца, ‑ламлюся, ‑ломішся, ‑ломіцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Атрымаць трэшчыну, не пераламацца зусім. Тоўсты сук надламаўся і цяпер, гайдаючыся, боўтаўся ў вадзе. Караткевіч.
2. перан. Страціць фізічныя або душэўныя сілы, аслабець. Здароўе надламалася. Душа надламалася.
3. перан. Стаць іншым, змяніцца. Алег убачыў, што ў яго ўзаемаадносінах з бацькам недзе нешта надламалася. Ермаловіч.
надлама́ць, ‑ламлю, ‑ломіш, ‑ломіць; зак., каго-што.
1. Зрабіць трэшчыну або дзірку, не зламаўшы зусім. Надламаць сук. Надламаць скрынку.
2. перан. Выклікаць аслабленне фізічных або душэўных сіл. Напружаная праца і гэтае нечаканае няшчасце надламалі.. [Лідзіна] здароўе. Шамякін. Пазіраў я на гэтага рослага шыракаплечага чалавека .. і думаў, што сем месяцаў палону надламалі ў яго нейкую жыццёвую струнку. С. Александровіч.
надлапа́тачны, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца над лапаткай, лапаткамі. Надлапатачныя мышцы.
надліва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да надліць.
надлі́ць, надалей, надальеш, надалье; надальём, надальяце і надлію, надліеш, надліе; надліём, надліяце; пр. надліў, ‑ліла, ‑ліло; заг. надлі; зак., што з чаго.
Выліць частку вадкасці з чаго‑н. Надліць малако са шклянкі.
надло́б’е, ‑я, н.
Частка чэрапа, якая знаходзіцца над ілбом.
надло́бны, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца над ілбом. Надлобны шчыт чарапахі.