навыдзёўбваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Выдзеўбці вялікую колькасць чаго‑н.
навыдзіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Выдраць у вялікай колькасці што‑н. Навыдзіраць цвікоў з сцяны.
навыду́мваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Вынайсці, стварыць, прыдумаць многа чаго‑н.
навыдумля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., чаго.
Тое, што і навыдумваць. [Язэпа] абступілі, дзівіліся, перамаўляліся: — Маленькая якая [міна], а сіла вялікая... — Навыдумлялі на нашы галовы... Асіпенка. Такога [Алаіза] навыдумляе, так настрашыць дзяцей, што тыя аж да бабкі ўцякалі на паратунак. Арабей.
навыйграва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Разм. Выйграць за некалькі прыёмаў вялікую колькасць чаго‑н. Навыйграваць грошай.
на́вык, ‑у, м.
Уменне, якое склалася ў выніку вопыту, практыкаванняў. Працоўны навык. □ Аказалася на практыцы, што, акрамя сілы, рабочаму чалавеку трэба мець і адпаведную адукацыю, навык у рабоце... Ваданосаў. Па ўсім відаць было, што ў.. [следчага] яшчэ невялікі навык корпацца ў чужых рэчах. Машара. // толькі мн. (на́выкі, ‑аў). Практычныя веды ў якой‑н. галіне. Грамадзянская абарона — гэта цэлы комплекс спецыяльных ведаў, навыкаў, спосабаў, валоданне якімі можа памагчы пазбегнуць вялікіх чалавечых ахвяр. «ЛіМ».
навыкалу́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Калупаючы, выняць, дастаць нейкую колькасць чаго‑н. Навыкалупваць зярнят з коласа.
навыкалу́пліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Тое, што і навыкалупваць.
навыка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да навыкнуць.
навыкіда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-чаго.
Выкінуць за некалькі прыёмаў што‑н. Навыкідаць смецця.