Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

напо́ены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад напаіць.

напо́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да напаіць.

напо́лваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да напалоць.

напо́мніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак.

1. аб кім-чым, пра каго-што і без дап. Прымусіць успомніць, прывесці на памяць, звярнуць увагу на каго‑, што‑н. Напомніць аб сваім існаванні. Напомніць пра свае заслугі. □ [Сцёпка] напомніў тут словы Леніна аб тым, што і кухарка павінна ўмець кіраваць дзяржавай. Колас. [Шугаеў:] Я хачу табе напомніць, што галоўнага інжынера назначае і знімае міністр. Крапіва.

2. каго-што. Здацца падобным на каго‑, што‑н., выклікаць успамін пра каго‑, што‑н.; нагадаць. Прахожы напомніў сябра. Возера напомніла мора. □ Твар чалавека напомніў штосьці даўно знаёмае, крануў балючую струнку не то з дзяцінства, не то з юнацтва, і я пачаў пільна сачыць за гэтым чалавекам. Карпюк.

напо́перак, прысл. і прыназ.

Разм.

1. прысл. Па шырыні чаго‑н., у шырыню; упоперак. Луг напоперак перасякала вузкая пратока, берагі якой пазарасталі вербалозыкам, чаротам і аерам. Сяргейчык.

2. прысл. Тое, што і наперакор (у 1 знач.).

3. прыназ. з Д. Тое, што і наперакор (у 2 знач.). Я лічыў бы за жарт гэтай прыкрасці выраз, Каб, напоперак думкам і волі самой, Аж спадыспаду дзён у вяліз[ар]ны вобраз не вырас Дзень маленства майго і вясновых самот. Глебка.

напо́р, ‑у, м.

1. Дзеянне моцнай сілы, націск. Шыбы бразгацелі пад напорам ветру. Лупсякоў. Хутка пойдуць крыгі, і не вельмі ўжо моцная перамычка можа не вытрымаць напору лёду. Броўка.

2. Рашучае, энергічнае дзеянне; напад, націск. Стрымліваць напор ворага. □ Недабіткі фашысцкай аховы адыходзяць пад напорам сілы. Брыль. // Энергічнае ўздзеянне на каго‑н. Пад дружным напорам сяброў Данік нарэшце прымушаны быў згадзіцца. Краўчанка.

напо́рвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да напароцца.

2. Зал. да напорваць.

напо́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да напароць.

напо́ркацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Многа, доўга папоркацца. Напоркацца за дзень у садзе.

напо́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Зрабіць што‑н. дрэнна, неахайна. Здалі [памяшканне] з недаробкамі, напоркалі, напэцкалі, нібы гэта рабілі, гуляючы, самі выхаванцы дзіцячага садзіка. «Вожык».