Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

наплы́ў, ‑лыву, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. наплываць — наплыць, наплысці (у 2, 3 знач.).

2. Тое, што наплыло, сабралася. Наплыў пяску. □ За цёмнымі шыбамі, зацягнутымі слюдзянымі наплывамі лёду, глухі шоргат і шапаценне. Кудравец.

3. перан. Вялікая колькасць каго‑, чаго‑н. Наплыў народу. Наплыў абітурыентаў. Наплыў заказаў. □ Летнім часам, калі настаўнікі, з’язджаліся на канікулы, тутэйшым людзям не раз траплялася сустракаць іх, але такога паплыву не здаралася бачыць. Колас. // Прыліў пачуццяў, думак і пад. Наплыў радасці. □ — А дзе ж дзеці? — крыху супакоіўшыся ад першага наплыву хвалявання, запытаў Васіль. Васілевіч.

4. Спец. Паступовая змена кадраў у кінафільме.

наплыўны́, ‑ая, ‑ое.

Які ўтвараецца ў выніку наплыву (у 1 знач.); намыўны, наносны. Наплыўная глеба. Наплыўная мель. Наплыўны пясок.

наплы́ць, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; зак.

Тое, што і наплысці.

наплю́хацца, ‑аецца; зак.

Разм. Разліцца, напіцца на што‑н.

наплю́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго і без дап.

Плюхаючы, разліць, наліць на што‑н. Наплюхаць вады на падлогу. □ — І Шура няхай памыецца, — сказала маці. — Не пашкодзіць. Толькі акуратна, глядзіце, не наплюхайце мне там. Шыловіч.

наплю́хвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да наплюхваць.

наплю́хваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да наплюхаць.

наплява́цельскі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Нядбайны, нядобрасумленны, халатны. Наплявацельскія адносіны да справы.

наплява́цца, ‑плююся, ‑плюешся, ‑плюецца; ‑плюёмся, ‑плюяцеся; зак.

Разм. Многа напляваць.

наплява́ць, ‑плюю, ‑плюеш, ‑плюе; ‑плюём, ‑плюяце; зак.

1. Плюнуць некалькі разоў куды‑н., на што‑н. Напляваць на падлогу.

2. чаго. Выкінуць з рота пляўкамі нейкую колькасць чаго‑н. Напляваць шкарлупін.

3. перан. Разм. Аднесціся нядбайна, раўнадушна або з пагардай да каго‑, чаго‑н. Напляваць на справу. Напляваць на работу. □ [Люба:] — Я трымала на руках дзіця і сказала старому, што гэта яго ўнук. Паверыў ён ці не паверыў, але прагнаў мяне. .. Больш я там ужо не была. Наплявала. Чорны.

4. толькі ў форме інф. напляваць у знач. вык., каму. Разм. Выказванне поўнай абыякавасці або пагарды. [Генадзь:] — Будыка не баіцца, што пра яго скажуць. Я так бачу: напляваць яму на вашу камісію. Шамякін. [Расказчык:] — Галосяць яны цяпер, небаракі, так, што, здаецца, каменнае сэрца не вытрымае. А пану і суддзям напляваць на чужое гора. Якімовіч.

•••

Напляваць у душу — вельмі абразіць, насмяяцца, пакрыўдзіць.