Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

напішча́цца, ‑шчуся, ‑шчышся, ‑лічыцца; зак.

Разм. Доўга, многа папішчаць.

напла́вацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Уволю, доўга паплаваць. [Кастусь і Ліпа] аблюбавалі шырокі, ахутаны з усіх бакоў алешнікам затончык, у якім можна было наплавацца ўволю. Гаўрылкін.

напла́ваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Плаваючы, праехаць якую‑н. адлегласць. Наплаваць пяць тысяч кіламетраў.

напла́вачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да наплаўкі. Найбольшая развіццё наплавачныя работы набылі ў металургічнай і горнаруднай прамысловасці. «Звязда».

напла́віцца, ‑віцца; незак.

Расплавіцца ў нейкай колькасці. Наплавілася воску.

напла́віць, ‑плаўлю, ‑плавіш, ‑плавіць; зак., што і чаго.

1. Прырабіць шляхам плаўкі. Наплавіць на паверхню метал.

2. Прыгатаваць шляхам плаўкі нейкую колькасць чаго‑н. Наплавіць свінцу.

напладзі́цца, ‑плодзіцца; пераважна безас. зак.

Разм.

1. З’явіцца на свет, радзіцца ў вялікай колькасці. Напладзілася мух. □ Быў якраз чэрвень, і Міхась дзівіўся, колькі напладзілася сёлета шпакоў. Сачанка.

2. перан. Развесціся ў вялікай колькасці. Напладзілася гультаёў.

напладзі́ць, ‑пладжу, ‑плодзіш, ‑плодзіць; зак.

Разм.

1. каго. Радзіць у вялікай колькасці. Напладзіць дзяцей. // Стварыць умовы для з’яўлення на свет каго‑н. у вялікай колькасці. Напладзіць прусакоў.

2. перан.; каго-чаго. Развесці ў вялікай колькасці. Напладзіць аддзелаў.

напла́кацца, ‑плачуся, ‑плачашся, ‑плачацца; зак.

1. Паплакаць многа, уволю. Аддаючы дачку, Акіліна дала выхад сваім пачуццям, якія таіла за многія гады: і наплакалася і навесялілася ўволю. Шкраба. Хутчэй бы дадому, уціснуцца ў крэсла, згарнуцца ў клубочак і наплакацца ўволю... Марціновіч.

2. перан. Разм. Нацярпецца, перажыць многа гора, непрыемнасцей. Наплакацца з дрэнным работнікам. □ «А ты, — кажу, — не спяшайся. Яшчэ там вашы Ёзапы наплачуцца, пачакай!..» Брыль.

напла́каць, ‑плачу, ‑плачаш, ‑плача; зак.

1. што і чаго. Разм. Праліць нейкую колькасць слёз. Ад прыгону-гора, ад паноў, ад катаў слёз стаяла мора, што мужык наплакаў. Машара.

2. што. Плачучы, давесці да чырвані, прыпухласці (вочы).

•••

(Як) кот наплакаў гл. кот.