Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

на́кругла, прысл.

Разм. Вакол галавы (павязаць, падстрыгчы і пад.). У адкрытым кузаве — станок, а каля яго жанчына ў камбінезоне, у чырвонай касынцы, завязанай накругла. Арабей. Цемнаватыя з іржавінкай на кончыках валасы былі падстрыжаны накругла, нібы, пад гаршчок. Кулакоўскі.

накружы́цца, ‑кружуся, ‑кружышся, ‑кружыцца; зак.

Разм. Уволю, многа пакружыцца. Накружыцца на каруселі.

накрухма́лены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад накрухмаліць.

2. у знач. прым. Апрацаваны крухмалам. Усе .. [суддзі] былі ў парадных сініх сурдутах, у накрухмаленых белых манішках. Колас.

накрухма́ліцца, ‑ліцца; зак.

Насыціцца (у 2 знач.) крухмальным растворам. Фіранкі добра накрухмаліліся.

накрухма́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак.

1. што. Акунуць у крухмальны раствор для надання цвёрдасці, глянцу.

2. чаго. Зрабіць крухмальным пэўную колькасць чаго‑н. Накрухмаліць каўнерыкаў.

накрухма́львацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да накрухмаліцца.

2. Зал. да накрухмальваць.

накрухма́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да накрухмаліць.

накруці́цца, ‑кручуся, ‑круцішся, ‑круціцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Навіцца, наматацца на што‑н. Канат накруціўся на барабан.

2. перан. Разм. Многа, доўга пахадзіць, паклапатаць, стаміцца ад клопатаў. Накруцілася гаспадыня за раніцу каля печы.

накруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., што і чаго.

1. Навіць, наматаць на што‑н. Накруціць нітак на шпульку. □ [Саньку] чамусьці то хацелася накруціць на палец і выскубнуць з галавы пасму сваіх саламяных валасоў, то адарваць сабе чырвонае вуха. Сяркоў.

2. Навінціць на што‑н. Накруціць гайку на болт.

3. Насвідраваць адтулін, дзірак.

4. перан. Разм. Вельмі ўскладніць што‑н., нарабіць чаго‑н. лішняга, непатрэбнага. Накруцілі калідораў — Навасельцам проста гора: У пакой пакуль прабіўся — Разоў восем заблудзіўся. Гілевіч. Тут, адным словам, вельмі трэба падумаць .., бо ў гарачцы такога можна накруціць, што потым.. ніякае рады не дасі. Савіцкі.

5. Разм. Прывесці ў дзеянне спружыну якога‑н. механізма. Ігнась накруціў гадзіннік, навёў званок, каб не праспаць, і таксама лёг. Пальчэўскі.

•••

Накруціць вушы — пакараць каго‑н., пацягаўшы за вушы.

Накруціць хвост — даць наганяй, прабраць каго‑н. за што‑н.

накру́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад накруціць.