Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

напа́льнасць, ‑і, ж.

Спец. Здольнасць да напальвання.

напа́льны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для напальвання. Напальная печ. □ Паклаўшы паяльнік на печ, .. [Захарэвіч] далучаў да прыёмніка правады анодных і напальных батарэй. Паслядовіч.

напалява́цца, ‑лююся, ‑люешся, ‑люецца; зак.

Разм. Уволю, многа папаляваць.

напалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., каго-чаго.

Здабыць на паляванні нейкую колькасць каго‑, чаго‑н.

напама́джаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад напамадзіць.

напама́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.

Намазацца, нацерціся памадай.

напама́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.

Намазаць, нацерці памадай. Напамадзіць твар.

напамі́н, ‑у, м.

Разм. Тое, што і напамінак. Соня хацела адказаць таксама жартам, але Аркадзь Цімафеевіч звярнуўся да Андрэя з напамінам аб сваім даручэнні. Дуброўскі. І кожны напамін мне дораг Цяпер аб тых вялікіх днях. Зарыцкі.

напамі́нак, ‑нку, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. напомніць. Зрабіць без напамінку. Падзякаваць за напамінак. Не чакаць напамінку.

2. Паведамленне, зварот, якія напамінаюць аб чым‑н. Прыйсці пасля другога напамінку. Атрымаць напамінак. □ Гэта быў напамінак, дакор самому сабе: дзе б ты ні быў, як бы сябе не адчуваў — пішы! Лужанін. // Прадметы, словы і пад., якія напамінаюць аб чым‑н. Толькі касцёл застаўся, як напамінак аб страшным мінулым. Чарнышэвіч. З-пад ложкаў відаць чамаданы, як напамінак аб тым, што гаспадары не асабліва могуць разлічваць на гэты пакой. Паслядовіч.

напаміна́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. напамінаць — напомніць (у 1 знач.).

2. Тое, што напамінае аб чым‑н. У многіх на плячах зношаныя і падраныя турэмныя халаты, у другіх так-сяк пасшываныя кавалкі старых, парыжэлых аўчын, напамінанне пра былыя кажухі. Галавач.