нагуля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.
1. Доўга, уволю пагуляць дзе‑н. Нагуляцца ў лесе. □ І вырас [Міша] і нагуляўся як мае быць. Якімовіч. // Многа, уволю павесяліцца. А калі нагуляліся і нагаварыліся, госці селі за стол. Колас.
2. Многа, уволю пагуляць у якую‑н. гульню. Нагуляюцца [шахматысты] бывала так, што калі пакладуцца вечарам спаць, дык і шахматная дошка, і фігуры... доўга стаяць у вачах. Колас.
нагуля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.
1. што і чаго. Пасучыся, стаць тлустым, прыбавіць у вазе (пра жывёлу). // Разм. Ад спакойнага, добрага жыцця стаць, зрабіцца поўным, тлустым (пра чалавека).
2. што. Разм. Гуляючы, набыць што‑н. Нагуляць апетыт. // каго-што. Груб. Стаць цяжарнай, нарадзіць дзіця, не будучы замужам. — Хэ, — абазваўся другі голас, — ціхая-ціхая [Люба], а чэрава нагуляла. Чорны.
3. што і чаго. Разм. Гуляючы ў якую‑н. гульню, выйграць што‑н. Нагуляць грошай.
4. Разм. Правесці нейкі час гуляючы; нагуляцца (у 1 знач.). Па Федзьку выходзіў бацька з папружкаю. — Я вось табе нагуляю, — гаварыў ён, складваючы папружку ўдвая. Арабей.
нагу́шкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Уволю, многа пагушкацца.
нагэ́тулькі, прысл.
Разм. Тое, што і настолькі. Раптам сярод разнастайных галасоў вылучыўся свіст гарадавіка; ён быў нагэтулькі зычным, што пасажыры абярнуліся ў бок задніх дзвярэй. Гартны.