Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

напалаві́ну, прысл.

1. У няпоўным, палавінным памеры, аб’ёме; на адну палавіну. Ад таго, што сцены былі афарб[а]ваны напалавіну ў чорны колер, здавалася яшчэ цямней. Колас. І зрабіўся Халімон напалавіну гарадскім, напалавіну вясковым. Галавач. // Адным бокам, адной палавінай. [Мікалай:] — Сонца яшчэ толькі напалавіну выйшла з-за паплавоў. Чорны. // У два разы менш, карацей. Ісці напрасткі напалавіну бліжэй.

2. Не да канца, не зусім; у некаторай ступені. Тамаш быў аглушаны, заняты сваімі думкамі і мала адчуваў, што робіцца вакол. Ён быў толькі напалавіну прытомны. Бядуля. Хіба ж кахаюць напалавіну? Усё ці нічога — такі закон! Чарнушэвіч.

напала́м, прысл.

Разм.

1. На дзве прыблізна роўныя палавіны; надвае. Зламацца напалам. Падзяліць напалам. □ Сама вялікая шаша рэжа гэтае месца напалам. Чорны. Кандрат паклаў разламаную напалам бульбіну і прыліп тварам да шыбы. Галавач.

2. У роўнай долі, на паях з кім‑н. Наймаць пакой напалам. // перан. Перажываць што‑н. разам. Ішлі на ўсход шляхамі белымі, Дзялілі напалам бяду. Панчанка.

3. Удвая. Рыгорка разарваў канверт і выняў адтуль складзены напалам лісток. Краўчанка.

4. Напалавіну, у сумесі з чым‑н. Мы пяклі праснакі Напалам з лебядою І чакалі вясны, Каб адтала кара. Броўка. Па абодва бакі дарогі стаяла няскошаная, напалам з цімафееўкай канюшына. Лобан.

напаласава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад напаласаваць.

напаласава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., чаго.

Разм. Неакуратна, нядбайна нарэзаць або нарваць палосамі многа чаго‑н. Напаласаваць паперы.

напаласка́цца, ‑лашчуся, ‑лошчашся, ‑лошчацца; зак.

Разм.

1. Уволю, доўга папаласкацца ў вадзе. Напаласкаліся дзеці ў рэчцы.

2. Многа, доўга папаласкаць што‑н., стаміцца ад паласкання. Напаласкацца бялізны за дзень.

напаласка́ць, ‑лашчу, ‑лошчаш, ‑лошча; заг. напалашчы; зак., чаго.

Выпаласкаць нейкую колькасць чаго‑н. Напаласкаць ручнікоў.

напалеандо́р, ‑а, м.

Французская залатая манета вартасцю ў 20 франкаў, змяшчае 5,8 грамаў чыстага золата.

[Фр. Napoléon d'or.]

напа́ленасць, ‑і, ж.

Ступень напальвання. Напаленасць жалеза.

напа́лены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад напаліць.

напалео́н, ‑а, м.

1. Аб рэакцыйным дыктатару. Мерыцца ў напалеоны. // Пра чалавека з надзвычай уладалюбівымі імкненнямі.

2. Від пірожнага, торта.

3. Марка каньяку.

4. Сорт яблыні.

[Ад уласн. імя.]