Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

напа́д, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Хуткае дзеянне, накіраванае на каго‑, што‑н. для захопу, грабяжу, забойства і пад. На вялікім скрыжаванні адбыўся напад на нямецкую аўтакалону. Чорны. Загарэўся бензасклад — галоўны аб’ект нападу. Шамякін.

2. Абвінавачванні, папрокі, з якімі выступаюць супроць каго‑, чаго‑н. Напад ідэалагічнага праціўніка. □ Шумлівыя напады на апавяданне [Дудара] «Вецер з усходу» больш тлумачыцца тым, што крытыкі бачылі ў ім тое, чаго, па сутнасці, там не было. Звонак.

напа́дацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Упасці многа раз. Міхась успомніў, як ён упершыню выйшаў з канькамі на лёд.. Ён так нападаўся тады і змарыўся, што назаўтра ледзьве з пасцелі падняўся. Якімовіч.

напа́даць, ‑ае; зак.

Падаючы, набрацца ў вялікай колькасці. За гэтыя дні з бярозы нападала на дарогу многа жоўтых лісткоў. Чорны.

напада́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да напасці.

напада́ючы, ‑ага, м.

Адзін з ігракоў нападзення ў гульнях (у футбол, хакей і пад.). Цэнтральны пападаючы.

нападвя́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Падвязаць многа чаго‑н. Нападвязваць галін.

нападго́ртваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Падгарнуць, падграбці ў якое‑н. месца многа чаго‑н. Нападгортваць жару. Нападгортваць сена да стога.

нападзе́нне, ‑я, н.

1. Тое, што і напад (у 1 знач.). Нападзенне на лагер малаверагоднае — ні немцы, ні паліцыя ў лес пакуль не лезлі. Навуменка. — Заўтра, а можа нават і сёння, ты атрымаеш загад аб нападзенні на харчовы транспарт, які будзе ісці на мястэчка, дзе стаіць Н-ская дывізія. Чарот.

2. Частка каманды, якая непасрэдна вядзе атаку на праціўніка пры гульні ў футбол, хакей і пад. Цэнтр нападзення.

напа́дкі, ‑аў і ‑дак; адз. няма.

Прыдзіркі, папрокі, абвінавачванні. Узмацніць нападкі. □ Толькі падтрымка шчырых сяброў.., якія таксама ў гэты час падвяргаліся неабгрунтаваным нападкам крытыкі, — крыху падбадзёрвала [П. Глебку]. Кучар.

нападкрэ́сліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Падкрэсліць у многіх месцах. Нападкрэсліваць памылак.

нападпі́сваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Засведчыць сваім подпісам вялікую колькасць якіх‑н. папер. [Марына:] — Вы нападпісвалі бог ведае колькі заяў [на грошы], а ў касе ж ні капейкі няма на зарплату. Скрыган.