Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вы́ставіць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак., каго-што.

1. Выняць устаўленае. [Юрка:] — О, ужо і ў вас падвойныя вокны вынялі! [Лаўрэн:] — Вясна, Юрка! — Вясна, дзядзька Лаўрэн. — І смяецца: — А я свае яшчэ тыдні два назад быў выставіў. Ракітны.

2. Падаць, высунуць уперад. Выставіць перад сабою рукі. □ — Во, сіла ў мяне яшчэ ёсць, — выставіў.. [Гардзіенка] свае пудовыя кулакі. С. Александровіч. Падышоў Мартын трохі бліжэй да лесу, паднёс да губ трубу, выставіў крыху наперад левую нагу і затрубіў. Колас.

3. Паказаць, высунуць што‑н. адкуль-небудзь. Выставіць галаву з-за дзвярэй. // перан. Утаропіўшы, спыніць на кім‑, чым‑н. вочы. Доктар і адвакат выставілі на.. [Язэпа] здзіўленыя вочы. Бядуля.

4. Перамясціць што‑н. за межы чаго‑н.; вынесці. Выставіць вазоны з пакоя на балкон. // Паставіць на віду, дастаючы адкуль‑н. Буфетчыца выставіла на стол бутэльку крэм-соды. Асіпенка. // перан. Разм. Выдаліць, выгнаць. Выставіць за дзверы. □ [Дзядок:] — Старшынстваваў Якім у адным калгасе ў суседнім раёне. .. Але выставілі яго адтуль. Корбан.

5. Вылучыць для якой‑н. мэты пэўную колькасць асоб. [Сяльчонак:] — Каб сабраць гэтае сена, мы павінны выставіць сотні касцоў, бо касілкі ўсюды не пусцім. Асіпенка. // Паставіць, размясціць (варту і пад.). Выставіць вартавых. □ [Партызаны] занялі рад .. суседніх вёсак, выставілі заслоны. Казлоў.

6. перан. Выказаць прапанову, патрабаванне. Сход пастанавіў арыштаваць стражнікаў і ўрадніка і выставіў патрабаванне аб скасаванні пасады земскага начальніка. «Весці».

7. перан. Назваць, прапанаваць для якой‑н. ролі. Выставіць сведку.

8. Змясціць для агляду. Выставіць напаказ. □ Паны, распісваючы нас, Не шкадавалі чорнай фарбы, А мы ўзялі на гэты раз Ды нашы выставілі скарбы. Крапіва.

9. перан. Падаць у якім‑н. выглядзе. [Алесь:] — Можа, думаеш, прыемна, калі цябе выставяць вось гэтакім даўгавухім ішаком? Шыцік. // Паказаць, пахваліць сябе. Ваўчок пакідае ўражанне чалавека энергічнага, кемлівага, але занадта самаўпэўненага, схільнага парысавацца, выставіць самога сябе на пярэдні план. Хадкевіч.

•••

Выставіць на смех (на пасмешышча) каго — прымусіць каго‑н. аказацца ў смешным становішчы; абсмяяць.

вы́старацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., што.

Разм. Здабыць, набыць што‑н. стараннымі намаганнямі. Выстарацца пуцёўку на курорт. Як ні стараліся, нічога не выстараліся.

вы́старцаваць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., што.

Разм. Здабыць папрашайніцтвам, выпрасіць.

выстарча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да выстарчыць.

вы́старчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

Разм.

1. што, чаго і без дап. Выгадаць, выкраіць. Трэба ж .. [Васільку і Марынцы] адзенне справіць лепшае ды на кіно капейку выстарчыць. Сабаленка.

2. безас. чаго. Знайсціся ў дастатковай колькасці, хапіць. Не выстарчыла часу. Грошай не выстарчыла. □ А здаецца, не выстарчыць слоў, каб сказаць пра знаёмае добра. Дубоўка.

вы́стаўка, ‑і, ДМ ‑таўцы; Р мн. ‑тавак; ж.

Сукупнасць прадметаў, выстаўленых для агляду. Выстаўка дасягненняў народнай гаспадаркі. Сельскагаспадарчая выстаўка. Мастацкая выстаўка. // Месца, дзе выстаўлены такія прадметы. Пабыць на выстаўцы.

вы́стаўка-про́даж, выстаўкі-продажу, ж.

Выстаўка, на якой праводзіцца продаж экспануемых тавараў, вырабаў і пад.

выстаўко́м, ‑а, м.

Камітэт па арганізацыі выстаўкі, па адбору экспанатаў на выстаўку; выставачны камітэт.

выстаўле́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. выстаўляць — выставіць.

вы́стаўлены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад выставіць.