Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

высно́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да выснаваць.

высо́зны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і высачэзны. Крайнім будынкам ад Нёмана супраць броду была старая карчма на высозным падмурку. Колас.

высо́ка,

1. Прысл. да высокі.

2. у знач. вык. Аб вялікай адлегласці ўверх. Сонца было ўжо высока, калі Віця выйшаў з хаты. Чарнышэвіч.

высока... (а таксама высака...).

Першая састаўная частка складаных слоў: 1) якая адпавядае па значэнню словам «вельмі», «у найвышэйшай ступені», напрыклад: высокаадукаваны, высокаарганізаваны, высокаўраджайны, высокачуллівы, высокаэфектыўны; 2) якая адпавядае слову «высокі» (у 1 знач.), напрыклад: высокабартовы; 3) у дарэвалюцыйным тытулаванні чыноў, больш высокіх па ступені, напрыклад: высокаблагароддзе, высокаправасхадзіцельства (ужывалася з займеннікамі «ваша», «яго», «яе», «іх»).

высокаадукава́ны, ‑ая, ‑ае.

Вельмі адукаваны. Высокаадукаваны чалавек.

высокаале́йны, ‑ая, ‑ае.

З вялікім працэнтам алею. Высокаалейныя сарты сланечніку.

высокаапла́тны, ‑ая, ‑ае.

Які аплачваецца па высокіх тарыфах. Высокааплатная пасада.

высокаарганізава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае высокую арганізацыю, высокае развіццё; дасканалы. Высокаарганізаваная матэрыя.

2. Які ўмее добра арганізаваць сваю работу, наладзіць самадысцыпліну; дзелавіты, свядомы. Высокаарганізаваная асоба.

высокаблагаро́ддзе, ‑я, н.

У дарэвалюцыйнай Расіі — тытулаванне цывільных чыноўнікаў ад восьмага да шостага класаў і афіцэраў ад капітана да палкоўніка, а таксама іх жонак.

высокабялко́вы, ‑ая, ‑ае.

З вялікім працэнтам бялкоў.