Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

наме́шваць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да намясіць.

наме́шваць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да намяшаць.

намёк, ‑у, м.

1. Слова, выраз, у якіх адкрыта не выказваецца думка таго, хто гаворыць, але яе можна зразумець. Празрысты намёк. Далікатны намёк. □ [Пісьмо] было напісана ў жартлівым тоне, з няяснымі сказамі і намёкамі. Ужыты былі такія словы, сэнс якіх быў вядомы Садовічу і блізкім сябрам. Колас. — Не задавайце мне недарэчных пытанняў, якіх я не разумею. Гаварыце, што вам трэба, толькі без загадак і намёкаў, — суха адказала Вера. Машара. // Аб дзеяннях, учынках, якія намякаюць на што‑н. Дастаткова было .. выразу твару, вачэй і яшчэ якога-небудзь намёку на тое, што паэт [М. Багдановіч] паказаны ў час творчай працы. Ліс. // Ускоснае ўказанне на што‑н. У кенігсбергскіх актах няма нават і намёку на тое, што паездка Скарыны ў Прусію была звязана з выдавецкай справай. Алексютовіч.

2. перан. Слабае падабенства чаго‑н. Пракоп прыглядаецца, пазнае. .. Лісіная шапка, кароткая на аўчынах бравэрка, суконныя нагавіцы з некаторым намёкам на галіфэ. Гэта Ігнат Чыкілевіч. Колас. // Слабая прымета чаго‑н. Нідзе не было аніякага, хоць бы маленечкага намёку на дождж. Лынькоў.

намёрзлы і наме́рзлы, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад намерзнуць.

2. у знач. прым. Які змёрз на холадзе, азябнуў. Маша, расціраючы рукамі пунцовыя намёрзлыя шчокі, падышла да стала. Мележ.

намёртва, прысл.

Так, што нельга раз’яднаць; вельмі моцна, трывала. Звязаць вяроўкі намёртва. □ Не паспеў .. [Сотнікаў] саскочыць з трактара, як побач загарэўся цягач трэцяй батарэі, намёртва села ў варонку гаўбіца. Быкаў. Рука.. [чалавека] намёртва ўпілася ў камень. Даніленка.

намётка 1, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Тое, што і наметка. Прыгнятала Максіма Сцяпанавіча і тое, што многіх намётак і вынашаных планаў ніяк нельга было ажыццявіць — перашкаджала .. цякучка. Карпаў.

намётка 2, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Тое, што і намітка (у 2 знач.). Царква была поўная, як ніколі. Пахнула кажухамі і ботамі. Світкі, мужчынскія і жаночыя, кажухі, белыя мужыцкія галовы і снежныя палеткі жанчын. Караткевіч.

намётка 3, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так, ж.

Тое, што і фастрыга.

на́мі,

гл. мы.

намілава́цца, ‑луюся, ‑луешся, ‑луецца; зак.

Разм. Налюбавацца адзін на аднаго, палашчыцца. [Раман:] — Івана толькі Кавалевіча шкода і маладзіцу яго. Не нацешыліся, не намілаваліся яшчэ, а ўжо, бедная, удав[а]. Грахоўскі.

наміна́л, ‑у, м.

Спец. Намінальная вартасць, якая абазначаецца на грашах, аблігацыях і пад. Продаж па наміналу. // Цана тавару, якая абазначана ў прэйскурантах або на таварах.

[Ад лац. nominalis — імянны.]

наміналі́зм, ‑у, м.

Спец. Напрамак у сярэдневяковай філасофіі, згодна з якім агульныя паняцці не маюць самастойнага існавання без адзінкавых прадметаў і з’яўляюцца толькі назвамі апошніх.

[Ад лац. nomen — імя, назва.]

наміналі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Паслядоўнік, прыхільнік наміналізму.