нача́льнічак, ‑чка, м.
Разм. Памянш.-зніж. да начальнік. [Кныш] зашпіліў паліто, ляпнуў Федзю па плячы. — Вядзі, начальнічак. Нядзведскі.
нача́льства, ‑а, н.
1. зб. Начальнікі. Аднойчы ў другой палове дня ў вёску прымчалася поўная машына начальства. Федасеенка.
2. Разм. Начальнік. Дзяжурны рэгуліроўшчык, прыняўшы мяне за начальства, далажыў, што на пасту ўсё ў парадку. Сабаленка. Будзьце ласкавы, мілая, скажыце, хто тут у вас начальства і дзе яго знайсці? — пачціва звярнуўся да [маладой жанчыны] Пракоп. Колас.
нача́льстваванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. начальстваваць.
нача́льстваваць, ‑ствую, ‑ствуеш, ‑ствуе; незак.
Кіраваць кім‑, чым‑н.; быць начальнікам.
начапі́ць, ‑чаплю, ‑чэпіш, ‑чэпіць; зак., што.
1. Накінуўшы, замацаваць; павесіць, навесіць. Начапіць вяроўку на рогі. Начапіць ручнік на кручок. □ Аксён падымае біч, выходзіць на двор, каб начапіць на цапільна. Колас. [Дзед] хуценька павярнуўся тварам да будкі і дрыжачымі рукамі начапіў на дзверы замок. Галавач.
2. Разм. Надзець што‑н., прымацаваўшы, прывесіўшы да чаго‑н. Начапіць партупею. Начапіць наган на пояс. □ Бабка начапіла старыя акуляры з ніткамі замест аглобелек. С. Александровіч.
начапля́цца, ‑яецца; незак.
Зал. да начапляць.
начапля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да начапіць.
начарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.
Паводле забабонных уяўленняў — выклікаць што‑н. чараваннем, вядзьмарствам.
на́чарна, прысл.
Папярэдне, без канчатковай апрацоўкі. Напісаць сачыненне начарна.
начарні́ць, ‑чарню, ‑чэрніш, ‑чарніць; зак., што.
Зрабіць чорным, афарбаваць у чорны колер.