нарагата́цца, ‑гачуся, ‑гочашся, ‑гочацца; зак.
Разм. Уволю, многа парагатаць; насмяяцца. Усе выйшлі з-за стала, і ніхто не ведаў, ці гэта праўду расказваў Сабастыян Рамашка, ці выдумляў.. Але шчыра нарагаталіся ўсе. Чорны.
нара́д, ‑а, М ‑дзе, м.
1. Вуснае або пісьмовае распараджэнне на выкананне якой‑н. работы. Атрымаць нарад. Даць нарад. □ — Нарады брыгадзіры атрымалі ўчора вечарам. Шахавец. Яшчэ ўчора брыгадзір даў нарад акучваць бульбу на загуменні. Пташнікаў. // Дакумент з распараджэннем аб выкананні якой‑н. работы, а таксама на выдачу або атрыманне чаго‑н. Нарад на лес. □ [Міхал:] — Грошай трэба многа і на ўгнаенні, і на сеялку нарад ужо ёсць... Васілевіч.
2. Спец. Якая‑н. работа або заданне (пераважна для ваеннаслужачых). Быць у нарадзе. Нечарговы нарад. □ Аднойчы .. [Павел і Саша] трапілі ў нарад на кухню. Васілёнак.
3. Спец. Група ваеннаслужачых, якія выконваюць такое заданне. Нарад пагранічнікаў. // Наогул група людзей, што выконваюць якую‑н. работу або якія‑н. абавязкі. Чарговы нарад грузчыкаў займаўся ў гэты час упарадкаваннем складаў. Лынькоў.
нара́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Афіцыйнае пасяджэнне, якое робіцца з мэтай абмеркаваць якія‑н. пытанні. Вытворчая нарада. Міжнародная нарада. Нарада камандзіраў. □ Кіраўнікі чыгуначнай партарганізацыі сабраліся на нараду. Новікаў. // Удзельнікі такога пасяджэння. Узняўся тлум, загаварылі ўсе разам, ажывіліся мужчыны, нарада разбілася на групы. Дуброўскі.
2. Сумеснае абмеркаванне якога‑н. пытання. Сямейная нарада. □ [Дзеці] аб нечым шушукаліся ў калідоры. Відаць было, што ў іх ідзе нейкая сур’ёзная нарада. Няхай.
нарада... (гл. народа...).
Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «народа...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: нарадазнаўства, нарадапраўства.
нара́давацца, ‑дуюся, ‑дуешся, ‑дуецца; зак., на каго-што, з каго-чаго, каму-чаму і без дап. (звычайна з адмоўем «не» і дзеясл. «магчы»).
Уволю, многа парадавацца. Маці не нарадуецца на сына. □ Падзеі, як хвалі, ляцелі адна за адной, і іх ледзь паспявалі адзначаць: не паспееш нарадавацца адной, як за ёй ужо — другая, новая. Ракітны. [Дзятліха] нарадавацца не магла з Васіля: дабіўся свайго, дабіўся, чаго хацеў, — у людзі, лічы, выйшаў. Мележ. [Стасік] вучыўся так, што настаўнікі не маглі нарадавацца. Сабаленка.
нарадаво́лец, ‑льца, м.
Гіст. Член тайнай палітычнай арганізацыі народнікаў «Народная воля».
нарадаво́льніцкі, ‑ая, ‑ае.
Гіст. Тое, што і нарадавольскі. Нарадавольніцкі рух.
нарадаво́льскі, ‑ая, ‑ае.
Гіст. Які мае адносіны да нарадавольца, нарадавольства. Нарадавольская арганізацыя.
нарадаво́льства, ‑а, н.
Гіст. Грамадскапалітычны рух у Расіі, на чале якога стаяла арганізацыя народнікаў «Народная воля».
нарадазна́вец, ‑знаўца, м.
Уст. Спецыяліст па нарадазнаўству.