нала́джванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. наладжваць — наладзіць.
нала́джвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да наладзіцца.
2. Зал. да наладжваць.
нала́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да наладзіць.
нала́дзіцца, ‑ладжуся, ‑ладзішся, ‑ладзіцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пайсці на лад; прыняць належны кірунак. Справы наладзіліся. □ Работа ў школе наладзілася. Колас. Размова хутка ў нас наладзілася, і дзяўчына ахвотна разгаварылася. Кухараў. // Устанавіцца, усталявацца. Пагода пасля ўчарашняга дажджу ніяк не наладзіцца — то пакажацца, выблісне на хвіліну з-за хмары сонца, то раптам схаваецца зноў — і непрыветны, хмуры цень праплыве, прабяжыць па зямлі. Сачанка. [Люба:] — Наладзіцца жыццё, абы толькі скончылася вайна. Васілевіч.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць прыгодным (для работы, карыстання і пад.). Станок наладзіўся. Наладзілася санная дарога.
3. Сабрацца, прыладзіцца рабіць што‑н. На адным з чарцяжоў [Парфірый] спыняецца. Азіраецца на дзверы, вымае з-за пазухі маленькі фотаапарат. Наладзіўся і здымае чарцёж. Краўчанка. Берагава.. [жонка] наладзілася дахаты. Гартны. Вечарам дацэнт настроіў радыё.. і наладзіўся слухаць канцэрт. Колас.
нала́дзіць, ‑ла́джу, ‑ла́дзіш, ‑ла́дзіць; зак., што.
1. Адрамантаваць, паправіць што‑н. папсаванае, паламанае. [Язэп:] — Ну, вось што, як толькі наладзіце трактар — ганіце яго ў вёску. Тут сеяць не будзем... Асіпенка. А ў кузні кіпела работа. Барану, кляцы якой трэба было нанава ўмацаваць, кавалі наладзілі хутка. Даніленка. // Падрыхтаваць для карыстання, настроіць для якой‑н. работы. Каса чыя нядобра косіць — Няхай Антося ён папросіць: Антось наладзіць — так дагоніць, Тады пабач, як загамоніць. Колас.
2. Зрабіць, стварыць. Вось дом, дзе Мамоніч наладзіў друкарню. Панчанка.
3. Арганізаваць што‑н., ажыццявіць якое‑н. мерапрыемства. Моладзь наладзіла факельнае шэсце да Дзвіны. Хадкевіч. Афіцэры ваеннай місіі папрасілі наладзіць сустрэчу з палоннымі. Мележ. Антэк не з такіх, каб .. апускаць рукі. Не, ён наладзіць самыя шырокія пошукі гэтых папер. Зуб. // Устанавіць. План Грабоўскага быў просты: дэсантнікі абавязкова паспрабуюць наладзіць сувязь з партызанамі. Жычка.
4. Прывесці ў парадак, уладкаваць. Наладзіць гаспадарку. Наладзіць улік. □ [Валько:] — Нам толькі ўраджайнасць узняць ды жывёлагадоўлю наладзіць — на ўсю вобласць грымець будзем!.. Савіцкі. Мяне не было тады дома два дні, і маці хацела наладзіць справу сама. Брыль.
нала́дка, ‑і, ДМ ‑дцы, ж.
Дзеянне паводле дзеясл. наладзіць (у 1 знач.).
наладо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да наладаваць.
нала́дчык, ‑а, м.
Рабочы, спецыяліст па наладцы машын, станкоў, механізмаў. Наладчык такарных аўтаматаў. Працаваць наладчыкам.
налажы́цца, ‑лажуся, ‑ложышся, ‑ложыцца; зак.
Разм. Налаўчыцца рабіць што‑н., напрактыкавацца. Няспраўна з бабаю ў лесе. Не налажылася яна да гэтакай работы. Крапіва.