Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

даўгаву́хі, ‑ая, ‑ае.

З доўгімі вушамі. Даўгавухі заяц.

даўгавы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да доўгу (у 2, 3 знач.). Даўгавая залежнасць. Даўгавое абавязацельства.

даўгавя́зы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Вельмі высокі і худы; цыбаты. Аднекуль з’явіўся даўгавязы крыклівы старшыня і загадаў скласці рэчы на фурманкі. Каваль.

даўгагры́вы, ‑ая, ‑ае.

З доўгай грывай. Даўгагрывы конь.

даўгадзю́бы, ‑ая, ‑ае.

З доўгай дзюбай. Даўгадзюбы журавель.

даўгакры́лы, ‑ая, ‑ае.

1. З доўгімі крыламі. Даўгакрылы стрыж.

2. у знач. наз. даўгакры́лыя, ‑ых. Атрад птушак, да якога адносяцца стрыжы і канібры.

даўгале́цце, ‑я, н.

Доўгае жыццё. — А сто пяцьдзесят тысяч пладовых дрэў — гэта выдатна.. На здароўе людзям, на іх даўгалецце. Паслядовіч. [Вецер] кудлаціў .. выбеленыя даўгалеццем валасы і шкуматаў газету, якую трымаў Міканор у руках. Ракітны.

даўгалы́гі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Высокі і худы; даўганогі. Даўгалыгі, худы, сагнуўшыся ад холаду,.. [Нічыпар] спяшаўся. Чарнышэвіч.

даўгано́гі, ‑ая, ‑ае.

З доўгімі нагамі. Даўганогі бусел.

даўгано́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

Камар з доўгімі нагамі, які належыць да атрада двухкрылых насякомых.