даі́ць, даю, доіш, доіць; заг. даі; незак., каго.
1. Выцэджваць малако з вымя. Мы зачыняліся ў хляве, я трымаў лямпу, а мама даіла карову. Брыль.
2. перан. Разм. Бессаромна вымагаць, браць сабе чые‑н. сродкі. [У Кацярыны] кватэра свая, і, як ні кажы, не першы год доіць буфет. Гроднеў.
дайграва́нне і даі́грыванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. дайграваць, даігрываць — дайграць, даіграць.
дайграва́цца, ‑граюся, ‑граешся, ‑граецца і даі́грывацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да дайграцца, даіграцца.
2. Зал. да дайграваць, даігрываць.
дайграва́ць, ‑грай, ‑граеш, ‑грае і даі́грываць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да дайграць, даіграць.
дайгра́цца і даігра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Легкадумнымі паводзінамі давесці сябе да якіх‑н. непрыемных вынікаў. Нервы не вытрымліваюць, бацька ціха плача: — А ну цябе к чорту, даіграўся, герой, цьфу! Як цяпер людзям у вочы глянуць?! Рызыкант. Карпюк.
дайгра́ць і даігра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і без дап.
Скончыць іграць. Дайграць п’есу. Дайграць вальс.
далга́цца і даілга́цца, ‑лгуся, ‑лжэшся, ‑лжэцца; ‑лжомся, ‑лжацеся; зак.
Разм. Ілгучы, дайсці да непрыемных вынікаў. Далгаўся да таго, што ніхто не верыць.
дамча́цца і даімча́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.
Разм. Вельмі хутка дабегчы, даехаць, даляцець да якога‑н. месца. Хутка цягнік дамчаўся да лесу. Пальчэўскі. [Лук’янскі] даімчаўся да апошніх хвояў і кінуўся ўправа. Там быў густы і стары лес. Чорны.
дамча́ць і даімча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
Разм.
1. каго-што. Вельмі хутка давезці, даставіць да якога‑н. месца. — Ну, цяпер трымайцеся, я мігам дамчу вас у Забалоцце. Скрыпка. Машына спачатку адвезла начальніка, а тады ўжо і самога Сашку даімчала да яго новай кватэры. Чорны.
2. Тое, што і дамчацца, даімчацца. Стаеннік шпарка даімчаў да Старыцы і спыніўся на ўскраіне яе ля дома Ваўчка. Хадкевіч.