Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дані́зу, прысл.

Разм. Уніз, к долу. Апусціць рукі данізу.

дані́на, ‑ы, ж.

1. Натуральны або грашовы падатак, які ў старажытныя і сярэднія вякі збіраўся князем, феадалам і пад. са сваіх падданых або пераможцам з пераможанага народа. Абкласці данінай. Збіраць даніну. □ Як аднаму з буйнейшых гарадоў старажытнай Русі, у свой час, па дагавору, выплачваў даніну Полацку нават сам Царград. Васілевіч.

2. Ахвяраванне, дар каму‑, чаму‑н. Нік цярпліва чакае. Потым знімае кепку і абыходзіць усіх, прымаючы даніну. Лынькоў. Ксяндзы і панкі, калі не ўсе падпісваліся на газету, то давалі пэўную даніну на яе выданне. Колас. // перан. Тое, што неабходна аддаць як належнае, заслужанае. Даніна павагі. □ Поля добра разумее, што.. ўзнагарода — даніна вялікай бацькавай рабоце, яго прафесарскай годнасці. Мікуліч. Я ў сэрца прагнае ўбіраю Даніну удзячнасці людской Майму спагадліваму краю, Маёй Радзіме дарагой. Гілевіч. // Вымушаная або мімавольная ўступка чаму‑н. Даніна модзе. Даніна часу.

да́ннік, ‑а, м.

Той, хто плаціць даніну (у 1 знач.).

да́нніца, ‑ы, ж.

Жан. да даннік.

дано́с, ‑у, м.

Тайнае паведамленне уладам, начальству аб чыіх‑н. недазволеных, процізаконных дзеяннях. — На вас данёс, валасны старшыня Язэп Брыль! Сам асабіста хадзіў да станавога прыстава з даносам! Колас. — За горадам была падпольная сходка, на якую паліцыя па нейчым даносе зрабіла аблаву. Мурашка.

дано́сіцца, ‑сіцца; незак.

1. Незак. да данесціся.

2. Зал. да даносіць ​1.

дано́сіць 1, ‑ношу, ‑носіш, ‑носіць.

Незак. да данесці ​1.

дано́сіць 2, ‑ношу, ‑носіш, ‑носіць.

Незак. да данесці ​2.

дано́счык, ‑а, м.

Той, хто зрабіў данос, займаецца даносамі; даказчык, нагаворшчык. Прыяцелі прызначылі Саўку ролю правакатара і даносчыка. Колас.

дано́счыца, ‑ы, ж.

Жан. да даносчык.

дано́шаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад данасіць.