дані́на, ‑ы, ж.
1. Натуральны або грашовы падатак, які ў старажытныя і сярэднія вякі збіраўся князем, феадалам і пад. са сваіх падданых або пераможцам з пераможанага народа. Абкласці данінай. Збіраць даніну. □ Як аднаму з буйнейшых гарадоў старажытнай Русі, у свой час, па дагавору, выплачваў даніну Полацку нават сам Царград. Васілевіч.
2. Ахвяраванне, дар каму‑, чаму‑н. Нік цярпліва чакае. Потым знімае кепку і абыходзіць усіх, прымаючы даніну. Лынькоў. Ксяндзы і панкі, калі не ўсе падпісваліся на газету, то давалі пэўную даніну на яе выданне. Колас. // перан. Тое, што неабходна аддаць як належнае, заслужанае. Даніна павагі. □ Поля добра разумее, што.. ўзнагарода — даніна вялікай бацькавай рабоце, яго прафесарскай годнасці. Мікуліч. Я ў сэрца прагнае ўбіраю Даніну удзячнасці людской Майму спагадліваму краю, Маёй Радзіме дарагой. Гілевіч. // Вымушаная або мімавольная ўступка чаму‑н. Даніна модзе. Даніна часу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)