Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дазва́цца, ‑завуся, ‑завешся, ‑завецца; зак., каго.

Разм. Неаднаразова завучы, клічучы, прымусіць каго‑н. адазвацца, з’явіцца. Крычу з адчаем безгалосым: — Ма-ма-а! — І аніяк дазвацца не магу. Гаўрусёў.

дазво́л, ‑у, м.

Згода на што‑н.; права зрабіць, выканаць што‑н. Атрымаць дазвол. Даць дазвол. □ Ох, жыць пад панам не салодка, На ўсё павінен быць дазвол. Колас. Даніла папрасіў у Хвядоса Іванавіча дазволу і пасля другога ўрока пайшоў дамоў. Чарнышэвіч. // Разм. Дакумент на права зрабіць што‑н. Аформіць дазвол на праезд.

дазво́лены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад дазволіць (у 1 знач.).

2. у знач. прым. Такі, што дазваляецца, дапускаецца. Дазволеныя прыёмы барацьбы.

дазво́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак.

1. што, з інф. і дадан. сказам. Даць дазвол, згадзіцца на што‑н. Дазволіць пастаноўку п’есы. Дазволіць увайсці. □ Коні, .. як толькі ім зноў дазволілі перайсці на ступу, пачалі задаволена фыркаць. Брыль.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Даць магчымасць што‑н. зрабіць; ажыццявіць. Мінеральныя ўгнаенні дазволяць за 7 гадоў амаль патроіць ураджаі. Дуброўскі. [Тварыцкі] дайшоў да таго доміка, дзе жыў Несцяровіч, а цераз сенцы Ірына.. Вокны адчынены, і адтуль шмат галасоў. Гэта не дазволіла яму адразу пайсці туды. Чорны.

3. заг. дазво́ль(це). Ужываецца як форма ветлівага звароту да прысутных пры пачатку якога‑н. дзеяння. Дазвольце сход лічыць адкрытым. □ — Таварышы! Дазвольце назваць вас ганаровым і слаўным імем — чырвонаармейцы. Мікуліч.

4. заг. дазво́ль(це). Ужываецца як форма пярэчання, нязгоды з чым‑н. — Да... Дазвольце! — ускрыкнуў чыноўнік. — Дазвольце... Якое права... Самуйлёнак. Другую [пасцель] Таня прынесла сама. — Дазвольце, мы самі ўсё зробім, не турбуйцеся, — папрасіла жанчына. Даніленка.

дазво́ньвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да дазваніцца.

дазда́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасца, ‑дадуць; зак., што.

Здаць тое, што заставалася не здадзеным. Даздаць экзамены.

дазімава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; зак.

Прабыць дзе‑н. астатак зімы. Дазімаваць у старой хаце.

дазіме́тр, ‑а, м.

Кантрольна-вымяральны прыбор для вызначэння дозы радыеактыўнага выпрамянення.

дазіметры́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Той, хто займаецца вызначэннем узроўню, дозы радыеактыўнага выпрамянення. Дазіметрыст атамнага рэаптара.

дазіметры́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дазіметрыі, дазіметра. Дазіметрычныя прылады.