дазво́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак.

1. што, з інф. і дадан. сказам. Даць дазвол, згадзіцца на што‑н. Дазволіць пастаноўку п’есы. Дазволіць увайсці. □ Коні, .. як толькі ім зноў дазволілі перайсці на ступу, пачалі задаволена фыркаць. Брыль.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Даць магчымасць што‑н. зрабіць; ажыццявіць. Мінеральныя ўгнаенні дазволяць за 7 гадоў амаль патроіць ураджаі. Дуброўскі. [Тварыцкі] дайшоў да таго доміка, дзе жыў Несцяровіч, а цераз сенцы Ірына.. Вокны адчынены, і адтуль шмат галасоў. Гэта не дазволіла яму адразу пайсці туды. Чорны.

3. заг. дазво́ль(це). Ужываецца як форма ветлівага звароту да прысутных пры пачатку якога‑н. дзеяння. Дазвольце сход лічыць адкрытым. □ — Таварышы! Дазвольце назваць вас ганаровым і слаўным імем — чырвонаармейцы. Мікуліч.

4. заг. дазво́ль(це). Ужываецца як форма пярэчання, нязгоды з чым‑н. — Да... Дазвольце! — ускрыкнуў чыноўнік. — Дазвольце... Якое права... Самуйлёнак. Другую [пасцель] Таня прынесла сама. — Дазвольце, мы самі ўсё зробім, не турбуйцеся, — папрасіла жанчына. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)