Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

намахлява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак.

Разм.

1. чаго. Набыць махлярствам нейкую колькасць чаго‑н.

2. Хітруючы, абмануць. [Юрка:] — Збірайся і ляці. [Таня:] — А мама што скажа? — Я намахлюю ёй. Скажу, што табе з сельсавета павестку прыслалі. Гроднеў.

нама́цаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад намацаць.

нама́цаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Абмацваючы, адчуць наяўнасць чаго‑н. Намацаць запалкі ў кішэні. Намацаць цвёрдую глебу пад нагамі. Намацаць пульс. □ Грыбок ўпоцемку намацаў конаўку, зачарпнуў вады. Мележ. У вушах у Мішкі ўсё звінела, рукі калаціліся і ніяк не маглі намацаць аўтамата. Паслядовіч. Кладкі аселі на балотнае дно, зараслі мохам, і цяпер не ўсякі ўмее намацаць іх пад вадой. Галавач.

2. перан. Знайсці, адшукаць у выніку пошукаў. На самым краі лесу фары намацалі воз скіданага абы-як бераваку. Лобан. Штаб вырашыў намацаць.. найбольш слабае месца ў варожым кальцы. Брыль.

нама́цванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. намацваць — намацаць.

нама́цвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да намацваць.

нама́цваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да намацаць.

намача́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Наесціся, мачаючы. Намачацца мачанкі.

намачы́цца, ‑мачуся, ‑мочышся, ‑мочыцца; зак.

Разм. Стаць мокрым, сырым; прамачыцца. Каля вады намочышся, каля агню апячэшся. Прыказка.

намачы́ць, ‑мачу, ‑мочыш, ‑мочыць; зак.

1. каго-што. Зрабіць мокрым, сырым; прамачыць. Намачыў снапы дождж. Намачыць валёнкі. Намачыць гліну. □ Таццяна намачыла аб расу руку і працерла вочы. Шамякін. // Змачыць, даць прамачыцца чым‑н. [Зося] намачыла ручнік і выцерла.. [хлапчуку] твар. Чорны. // Пакінуць што‑н. на нейкі час у вадкасці. [Кацярына:] — Выпала, калі трапіць пад год, дык такі лянок вырасце, што як намочым у сажалцы, мяккім робіцца, як шоўк, а моцны — адной пасмы не парвеш. Кулакоўскі. [Тата:] — Не забудзься ж, Аленка, намачыць лыка пасля абеду. Пальчэўскі.

2. што і чаго. Шляхам мачэння прыгатаваць у нейкай колькасці. Намачыць яблыкаў.

3. без дап. Разліваючы што‑н., зрабіць мокрай паверхню чаго‑н. Намачыць на падлозе.

намежава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад намежаваць.