Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

высачэ́нны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і высачэзны. Калі ўваходзілі ў пройму дзвярэй, то бачылі вакол высачэнныя сцены. Мележ.

вы́сватаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад высватаць.

вы́сватаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Паспяхова закончыць сватанне. [Матушка:] — Такую высватаю вам жонку, што цэлае жыццё дзякаваць будзеце. Колас.

высва́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да высватаць.

вы́светлены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад высветліць.

вы́светліцца, ‑ліцца; зак.

Стаць ясным, зразумелым. Справа высветлілася. Адносіны высветліліся. □ З далейшай размовы высветлілася, што Іван Уладзіміравіч вельмі высока цэніць практыку. Кулакоўскі.

вы́светліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

Зрабіць што‑н. ясным, зразумелым; выясніць. — Я лічу, што трэба ісці да.. [незнаёмых] і высветліць, хто яны і што яны, — прамовіў Тукала. Колас. [Буднік:] — Усё вось няма мне часу пагутарыць з табой, адну справу высветліць варта было б. Галавач.

вы́свеціцца, ‑свеціцца; зак.

Пачаць свяціцца. У небе высвеціліся зоры. Выплыў месяц. Сачанка.

вы́свеціць, ‑свеціць; зак.

Паказаўшыся адкуль‑н., пачаць свяціць; заззяць. Сонца высвецілася з-за хмар. □ Ужо і зоры высвецілі, а .. [Кастусь і Сымон] усё сядзелі і маўчалі. Чорны.

высве́чвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да высвеціцца.

2. Адсвечваць, свяціцца. У кветкавым ліловым кубачку, што высвечваўся кожнай пушынкай, чарадзейна гуляла ліловае святло. Вышынскі.