на́вісь, ‑і, Т на́віссю, ж.
1. Тое, што навісае над чым‑н. Чорная навісь хмар. □ Стаіць.. [домік] у ціхім завулку, пад навіссю таполяў. Навуменка. Узяўшы ўправа — пад гарой З-пад цёмнай навісі абрыва Палонка білася вадой. Гаўрусёў.
2. перан. Нешта страшнае, што навісла над кім‑н., што пагражае чалавеку. Навісь вайны. □ У тыя дні.. [Тадаровіч] выехаў.., чуючы перад сабою адно — чорную навісь смяртэльнай навалы. Чорны.
наві́ты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад навіць.
наві́цца, наўецца.; пр. навіўся, ‑лася, ‑лося; зак.
Наматацца, накруціцца на што‑н. Ніткі навіліся на шпульку.
наві́ць, наўю, наўеш, наўе; наўём, наўяце; пр. навіў, ‑віла, ‑ло; заг. наві; зак., што і чаго.
1. Наматаць, накруціць на што‑н. Навіць ніткі на шпульку.
2. Звіваючы, сплятаючы, нарыхтаваць у нейкай колькасці. [Галя:] — Я чула, што вы вяроўкі добрыя віць умееце? [Яўсей:] — Чаму ж не ўмею. [Галя:] — Дык от наўяце нам пастронкаў, лейцаў, вяровак. Сабаленка.
навічо́к, ‑чка, м.
Чалавек, які ўпершыню з’явіўся дзе‑н. Аднойчы ў дзіцячы дом прывялі навічка. Васілевіч. Вярнуліся з канікул усе вучні з далёкіх вёсак, прыйшлі навічкі. Пальчэўскі. // Чалавек, які ўпершыню пачаў займацца якой‑н. справай. Андрэй не быў навічком, якога аглушае шум станкоў. Шахавец. Тры месяцы мінула, як.. [Алесь] працуе на заводзе, але адчувае сябе па-ранейшаму навічком. Шыцік.
наво́бмацак, прысл.
Пры дапамозе дотыку, абмацваючы. Шукаць навобмацак. Ісці навобмацак. □ [Андрыян Цітавіч] выняў з кішэні люльку і, не пазіраючы, навобмацак, стаў набіваць яе тытунём. Марціновіч. [Мікульскі] перасунуў аўтамат з боку на грудзі,.. навобмацак адняў пусты магазін, дастаў з сумкі апошні, зараджаны. Місько.
наво́ддалек,
1. прысл. Разм. Тое, што і наводдаль (у 1 знач.). Туравец, які сачыў за полем, убачыў наводдалек постаці. Мележ.
2. прыназ. з Р. Разм. Тое, што і наводдаль (у 2 знач.). Вецер як бы пачаў сціхаць, і з-за чорных абрысаў, наводдалек — ці то нізкага лесу, ці то высокіх будынкаў, — чулася часамі флейта, скрыпка. Чорны.
наво́ддаль,
1. прысл. На некаторай адлегласці; не вельмі далёка. Сесці наводдаль. □ Злева наводдаль быў невялікі поплаў. Мележ. А наводдаль дружна зелянеюць палеткі азіміны. Хведаровіч. Мсціслаў і Выбіцкі ехалі наводдаль і ўсё яшчэ аб нечым дамаўляліся. Караткевіч.
2. прыназ. з Р. Выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры назве прадмета, асобы, месца ці прасторавай мяжы, на пэўнай адлегласці ад якіх адбываецца дзеянне, рух або размяшчаецца хто‑, што‑н. Калодзеж выкапалі наводдаль вуліцы. □ [Мірон] сядзеў на лаве крышку наводдаль стала і выдумляў сваю новую гісторыю. Скрыган.
наво́дзіцца, ‑іцца; незак.
Зал. да наводзіць (гл. навесці ў 4, 5 і 7–9 знач.).
наво́дзіць, ‑воджу, ‑водзіш, ‑водзіць.
Незак. да навесці.