вы́пучыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.
Стаць выпуклым, уздуцца; выпнуцца. Выпучылася кара на дрэве.
вы́пучыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што.
1. безас. Зрабіць выпуклым. Выпучыла прасценак.
2. Разм. Напяўшы, высунуць уперад; выпнуць. Выпучыць жывот.
вы́пушка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
Нашыўка з футра па краях адзення, абутку; апуха.
вы́пушчаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад выпусціць.
вы́пханы, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад выпхаць.
вы́пхаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Штурхаючы, прымусіць выйсці. Міхал ужо не памятае, калі ён выпхаў з кватэры Хвядоса Бычка. Сабаленка.
вы́пхнуты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад выпхнуць.
вы́пхнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
Разм. Высунуцца, вылезці; выперціся. [Назарэўскі:] — Кожны стараўся выпхнуцца наперад, каб самому ўсё бачыць. Чорны.
вы́пхнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.
1. Штурхнуўшы, прымусіць выйсці адкуль‑н.; выгнаць. Выпхнуць хулігана за дзверы. // Разм. Выправіць сілай куды‑н.; выперці. Сіламі ўсяе сям’і Валодзьку зноў выпхнулі ў школу. Карпюк.
2. Напіраючы, выштурхнуць. Толя кінуўся ў кухню-бакоўку,.. аберуч выпхнуў на двор рамы старога акна і выскачыў на снег. Брыль.
вы́пылены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад выпыліць.