надзе́мны, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца над паверхняй зямлі або на паверхні зямлі; проціл. падземны. Надземныя збудаванні. □ Вецер гнаў з-пад мора цёмныя, рэдкія воблакі, кружыў іх і раскідваў у надземных прасторах. Самуйлёнак.
надзе́рці, ‑дзяру, ‑дзярэш, ‑дзярэ; ‑дзяром, ‑дзераце; пр. надзёр, ‑дзерла; заг. надзяры; зак., чаго.
Тое, што і надраць.
надзе́ты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад надзець.
надзе́цца, ‑дзенуся, ‑дзенешся, ‑дзенецца; зак.
Надзець, нацягнуць на сябе што‑н.; адзецца. Падумаўшы крыху, дзед махнуў рукою: — Абыдзецца! Раздзецца і падзецца можна седзячы: яшчэ зручней. Чарнышэвіч. // Нацягнуцца на які‑н. прадмет (пра чахол, футляр і пад.). Навалачка добра падзелася на падушку.
надзе́ць, ‑дзену, ‑дзенеш, ‑дзене; зак., каго-што.
1. Адзець, нацягнуць на сябе або на каго‑н. адзенне, абутак і пад. Надзець валёнкі. Надзець шапку на галаву. □ [Люба] скінула з сябе зрэбную і палатаную бялізну і надзела новую, тонкую. Чорны. Шэмет устаў, надзеў плашч і выйшаў у калідор. Лобан. // Нацягнуць чахол, футляр і пад. на што‑н. Надзець чахол на піяніна.
2. Уздзець, прыладзіць які‑н. прадмет на каго‑, што‑н. Надзець клямку на прабой. Надзець акуляры. □ Мікола надзеў на каня аброць, вывеў на двор. Новікаў. Саўку надзелі наручнікі, абкружылі яго моцным канвоем і прывялі ў пакой допытаў. Колас. // Насадзіць каго‑, што‑н. на які‑н. прадмет. Крыху азяблымі пальцамі [хлопец] надзеў чарвячка, закінуў вуду і зноў заглядзеўся на птушак. Ляўданскі.
надзе́я, ‑і, ж.
1. Чаканне чаго‑н. добрага, якое спалучаецца з упэўненасцю ў тым, што яно збудзецца. Светлая надзея. Цвёрдая надзея. Страціць надзею. □ Столькі болю і столькі надзеі ў яе [дзяўчынкі] не па ўзросту сталых вачах. Брыль. Надзея выжыць тут, у лагеры смерці, амаль што канчаткова пакінула.. [палонных]. Быкаў.
2. Той або тое, на каго, на што можна спадзявацца, апірацца. Мір — вялікая надзея простых людзей усёй планеты. «Звязда». Бацька і маці выхоўвалі сына. Сын быў уцехай, надзеяй адзінай. Дубоўка. Вось і лес, і стажок сена каля лесу. Гэта іх стажок, іх гордасць і надзея. Колас.
•••
Падаваць надзеі гл. падаваць.
У надзеі — спадзеючыся.
Ускладаць надзеі гл. ускладаць.
надзённасць, ‑і, ж.
Уласцівасць надзённага; важнасць, актуальнасць. Надзённасць праблематыкі.
надзённы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае важнае жыццёвае значэнне, неабходны; актуальны. Надзённае пытанне. Надзённыя задачы. Надзённыя патрэбы.
2. Які бывае кожны дзень. Не было маёй вёскі, бацькоў і тысячы надзённых клопатаў. Карпюк.
•••
Надзённы хлеб гл. хлеб.
надзёншчына, ‑ы, ж.
Разм. Надзённыя клопаты; тое, што бывае кожны дзень. Аднастайнасць надзёншчыны.
надзёрты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад надзерці.