намно́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., што і чаго.
Разм. Павялічыць у нейкай колькасці; размножыць. Гордыя за народнае слова, што так буйна развілося і дало такі багаты плён, як творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа, мы ўзважваем тыя здабыткі, якія намножыла наша літаратура. Лужанін.
намо́ва, ‑ы, ж.
Разм.
1. Дамоўленасць аб чым‑н., угавор. І дзядзька доўга не чакае, Маўчком ён Костусю ківае; А Кастусёк даўно гатовы — У іх раней была намова Схадзіць у луг на азярыны І патрывожыць род тхарыны. Колас.
2. Падгавор, падбухторванне на якое‑н. дзеянне; указанне. Зрабіць па намове. □ Па намове жонкі.. [Марцін] заехаў у Масева і патрабаваў ад брата ўплаты за сваю частку. Карпюк.
3. Нагавор на каго‑н., паклёп. Пусціць у ход подкуп і намовы.
намо́віцца, ‑моўлюся, ‑мовішся, ‑мовіцца; зак.
Разм. Дагаварыцца аб чым‑н., дамовіцца. — А панна Габрыня за гэты час пастарэла, — не адказваючы на пытанне панны Ядвісі, сказаў Лабановіч. — Ну, што гэта вы! Як бы раней намовіліся, — запратэставала маленькая Габрынька. — І татка называе мяне старэнькаю, і вы тое самае кажаце. Колас.
намо́віць, ‑моўлю, ‑мовіш, ‑мовіць; зак., каго.
Разм. Падгаварыць каго‑н. да чаго‑н., падвучыць, падбухторыць на што‑н. Намовіць на злачынства. □ [Афіцэр:] — Хто ж цябе намовіў да забастоўкі? Пестрак.
намо́клы, ‑ая, ‑ае.
Які намок, мокры. Прывезлі [партызаны] пару скрынак намокмых гранат — ведама, з вады. Быкаў. // Які стаў мокрым наскрозь, прамоклы. Намоклая сукенка. □ Таня палажыла качку ля агню і пачала выціскаць намоклыя русыя косы. Скрыпка.
намо́кнуць, ‑мокну, ‑мокнеш, ‑мокне; пр. намок, ‑ла; зак.
Стаць мокрым. На рабіне скачуць Шустрыя сініцы, Пад дажджом намоклі Клёны і дубы. Грахоўскі. // Стаць мокрым наскрозь, прамокнуць. Ватоўка мая адразу намокла ад крыві, і я ўпаў. Краўчанка.
намо́л, ‑у, м.
Колькасць намолатага зерня. Вялікі намол пшаніцы.
намо́латы, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад намалоць (у 1 знач.).
намо́лвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да намолваць.
намо́лваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да намалоць (у 1 знач.).