Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

накла́дванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. накладваць — накласці (у 1, 2 знач.).

накла́двацца, ‑аецца; незак.

Зал. да накладваць.

накла́дваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да накласці (у 1, 2 знач.) і налажыць ​1 (у 1–6 знач.).

накла́дзены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад накласці (у 1, 2 знач.).

накла́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Дэталь, якая накладваецца на што‑н. для ўмацавання. Плугі з накладкамі.

2. Кавалак матэрыі, скуры і пад., які нашываецца зверху для надання трываласці. Накладкі на каленях.

накладны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які накладваецца, прымацоўваецца зверху чаго‑н. Накладныя малюнкі. Накладныя літары. // Які прышываецца, прыклейваецца зверху; які пакрывае тонкім слоем што‑н. Накладныя кішэні. Накладное серабро.

2. Які зроблены з чужых валасоў; фальшывы. Накладныя вусы.

3. у знач. наз. накладна́я, ‑ой, ж. Дакумент, па якім здаецца або прымаецца груз. Выдаць па накладной. Аформіць накладную. □ [Ад’ютант:] — Тут атрымаеце прадукты. Вось вам накладная. Новікаў.

•••

Накладны плацеж гл. плацеж.

Накладныя выдаткі гл. выдаткі.

накла́дчык, ‑а, м.

У вытворчасці — той, хто накладвае што‑н. Па дровах і між дроў дзесяткамі сходаў тупалі.. рабочыя-вартаўнікі, накладчыкі. Гартны. // Рабочы, які кладзе лісты паперы ў друкарскую машыну.

накла́дчыца, ‑ы, ж.

Жан. да накладчык.

накла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце; пр. наклаў, ‑клала; заг. накладзі; зак.

1. чаго. Кладучы, напоўніць чым‑н. Накласці воз дроў. □ Баласпай наклаў у .. люльку новую порцыю тытуню, доўга ўмінаў яго цёмным пальцам з прыпухлымі вугламі на суставах. Беразняк. // Палажыць пэўную колькасць чаго‑н. Бабка Параска ўзялася за работу. Наклала дроў у печ, падпаліла іх і завінулася з венікам каля хаты, старанна падмятаючы пакойчык. Колас. Палажыў.. [Сцёпка кнігу] у кучу, дастаў другую, трэцюю, наклаў так цэлы стос. Пальчэўскі.

2. Тое, што і налажыць ​1 (у 2–4 і 6 знач.). Антон Харытонавіч змазаў ёдам раны, наклаў павязкі. Сіняўскі. Вайна наклала свой адбітак на ўсё жыццё горада і нават на яго выгляд. Дудо. [Ірына Мікалаеўна:] — Хворых ізалявалі. На вёскі, дзе ачагі тыфу, наклалі каранцін. М. Ткачоў. — Я накладу на вас штраф, пан упраўляючы, — ледзь пераступіўшы парог, выпаліла Алаіза. Арабей.

3. чаго. Развесці (пра агонь). Прынеслі дроў, агню наклалі, У прыску бульбы напяклі. А ноч рассыпала каралі Над гмахам сцішанай зямлі. Колас.

4. Разм. груб. Набіць каго‑н. [Халуста:] — Ліха матары яго! Яшчэ [Сямён] дагоніць ды па шыі накладзе. Чарнышэвіч.

•••

Накласці на сябе рукі — тое, што і налажыць на сябе рукі (гл. налажыць).

накле́ены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад наклеіць.