Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

да́ча 1, ‑ы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. даць (у 8 знач.). Дача паказанняў. □ Густы траскучы залп з тылу, а потым з правага фланга перарваў дачу гэтых загадаў. Колас.

2. Порцыя, якая даецца на адзін прыём ці на пэўны перыяд. Дзве дачы аўса. Сутачная дача сена.

да́ча 2, ‑ы, ж.

Загарадны дом для летняга адпачынку гараджан. Пабудаваць дачу. Зняць дачу. □ Мадам Гамрэкелі ад пачатку лета выехала з Гіо некуды ў горы, на дачу, дзе не было малярыі. Самуйлёнак.

да́ча 3, ‑ы, ж.

Частка лясніцтва, вылучаная ў самастойную гаспадарку; участак зямлі пад лесам. Лясная дача.

дачака́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., каго-чаго.

Прабыць, пражыць дзе‑н. да з’яўлення каго‑, чаго‑н. чаканага. Чакаў, чакаў пан Сцёпку, не дачакаўся. Якімовіч. Дачакаўся Данілка вечара і пайшоў на сход у канцылярыю калгаса. Пестрак. // (2 і 3 ас. адз. і мн.). У значэнні пагрозлівага папярэджання. Дачакаецеся вы ў мяне!

•••

Чакаць не дачакацца гл. чакаць.

дачака́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Тое, што і дачакацца. — Міша мой вунь ніяк не дачакае, калі можна будзе катацца на санках. Шахавец.

дачарці́ць, ‑чарчу, ‑чэрціш, ‑чэрціць; заг. дачарці; зак., што.

Скончыць чарціць; давесці чарчэнне чаго‑н. да якой‑н. ступені выканання. Дачарціць праект да палавіны.

дачаса́ць 1, ‑чашу, ‑чэшаш, ‑чэша; зак., што.

Скончыць часанне ​1, расчэсванне (пра лён, воўну і пад.). Жанчыны дачасалі лён.

дачаса́ць 2, ‑чашу, ‑чэшаш, ‑чэша; зак., што.

Скончыць часанне ​2, абчэсванне (пра дрэва, камень і пад.). Дачасаць бервяно. □ Максім дачасаў калок, кінуў яго пад плот, абабіў шапкаю спераду штаны, на якія начаплялася трэсак. Капыловіч.

дача́снасць, ‑і, ж.

Уласцівасць дачаснага.

дача́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адбываецца ці адбыўся раней вызначанага часу, раней звычайнага тэрміну. Дачаснае выступленне. Дачасная радасць. // Які адбыўся раней, чым можна было чакаць. Чалавек быў малады, ён здаваўся б зусім юным, калі б не дачасная паўната на добрым, даволі прыгожым твары. Мележ.

2. Разлічаны на кароткі час; часовы. Над зямлянкай дыміцца драўляны дачасны комін. Брыль.

дачаўлада́льнік, ‑а, м.

Уласнік, гаспадар дачы ​2.

дачка́, і́, ДМ дачцэ́; мн. до́чкі (з ліч. 2, 3, 4 дачкі́), дачо́к і до́чак; ж.

1. Асоба жаночага полу ў адносінах да сваіх бацькоў. Бацькі не маглі нарадавацца: дачка расла бойкая, разумная. Хадкевіч. Люба — адна дачка і адно дзіця ў свайго бацькі. Мурашка. Маеш дачку, май і гарэлачку ў глячку. Прыказка.

2. каго-чаго. Высок. Пра жанчыну, якая ўсе сілы аддае на служэнне народу, радзіме. Дачка народа.

да́чнік, ‑а, м.

Той, хто жыве, адпачывае летам на дачы ​2. З горада сюды прыязджаюць дачнікі, каб дыхаць сельскім паветрам. Гроднеў.